Гэта адбылося на гульні «Нёмана» і «Юнацтва» ў гродзенскім Лядовым палацы 27 лістапада. Арына не чакала ад Аляксандра такога падарунка на дзень нараджэння і ў атачэнні заўзятараў сказала яму «Так!».
Пара сустракаецца ўжо тры гады. Пазнаёміліся маладыя гродзенцы на хакеі ў Гродне. Менавіта таму Аляксандр і вырашыў зрабіць найважнейшы крок у сваім жыцці падчас гульні любімай каманды. Заўзятары на фан-сектары ведалі пра неспадзеўку і павіншавалі пару адмысловымі майкамі «жаніх» і «нявеста».
«Гэта было як мінімум нечакана і ўзрушаюча. Я фанатка хакея, гэта для мяне лепшая прапанова», — сказала Арына.
Адзначым, што ў гэты вечар не толькі Аляксандр і Арына былі на вышыні, але і іх любімая каманда. «Нёман» абыграў «Юнацтва» з лікам 3:0.