Гродзенскі «Нёман» у аўторак 20 лістапада на Чыжоўка-арэне быў буйна разгромлены «Юнацтвам». Грубыя памылкі ў абароне чырвона-чорных і прывялі да такой знішчальнай паразы. Вынiк матчу галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў назваў чорным днём.

«Юнацтва» — «Нёман» 7:1 (1:0, 3:1, 3:0)

галы:
02:36 1:0 — Стэфановіч (Грынь)
24:01 2:0 — Развадоўскі (Міцкевіч, Гайнетдзiнаў)
29:51 3:0 — Стэфановіч (К.Брыкун)
34:31 4:0 — Кот (Лопачук)
36:25 4:1 — Кіслы (Савінаў, Хараманда)
44:26 5:1 — Волчак (Развадоўскі)
45:08 6:1 — Гайнетдзiнаў (Кот)
51:38 7:1 — Гайнетдзiнаў (Лопачук)

Сяргей Пушкоў пасля матчу:

— Ведаеце, ёсць такія календары, у якіх ёсць чырвоныя дні, а мы сёння зрабілі яшчэ і чорны дзень для нашай каманды. Магу сказаць, што абсалютна нічога не атрымлівалася. Грубыя памылкі, якія мы дапускалі ў абароне, прыводзілі да тых галоў, якія «Юнацтва» сёння забівала. Яны вельмі выдатна скарысталіся ўсімі нашымі памылкамі. І аказалася, што зарад «Юнацтва» на сённяшні матч быў вышэй, чым у нашай каманды. Будзем разбірацца, у чым прычына, але калі не атрымліваецца гульня ні ў абароне, ні ў атацы — гэта нешта мы не дагледзелі ці не так падышлі да гэтага матчу. Ну, «Юнацтва» з перамогай. Добрыя галы забівалі…".

Пасля гульнi ў Мiнску «Юнацтва» ўмацавала лідэрства ў турнірнай табліцы экстралігі «А» і да 7 балаў павялічыла адрыў ад бліжэйшага пераследніка салігорскага «Шахцёра». «Нёман» застаўся на 3-м радку ў турнірнай табліцы, ён адстае ад лідэра на 13 ачкоў, але пры гэтым правёў на 1 матч менш.