Сетка рэстаранаў хуткага харчавання праяўляе павышаную цікавасць да зямельнага участку ў мікрараёне Альшанка, дзе ў хуткім часе з’явіцца гандлёвы цэнтр з аб’ектам грамадскага харчавання. Аўкцыён па продажы ўчастка адбудзецца 11 снежня, піша «Вячэрні Гродна».
Ва ўмовах таргоў гаворыцца, што крама харчовых і нехарчовых тавараў з аб’ектам грамадскага харчавання з’явіцца ў мікрараёне Паўднёвы-3 (Альшанка-3). Плошча ўчастка — каля 40 сотак, стартавая цана крыху больш за 87 тысяч рублёў.
Як распавялі ў гарвыканкаме, гэта першы гандлёвы аб’ект для гэтага мікрараёна. Стаць уладальнікам ўчастка пад мэтавую забудову хочуць як мясцовыя бізнесмены, так і рэспубліканскія рэтэйлеры. Павышаную цікавасць праяўляе вядомая сетка рэстаранаў хуткага харчавання, якая не супраць адкрыць у маладым жылым раёне яшчэ адну сваю кропку.