Здымкі 1970−1979 гадоў можна пабачыць у «Цэнтры гарадскога жыцця» — там 13 лістапада адкрылася фотавыстава Наталлі Дораш «Мая Гародня». На вернісажы старэйшыя гродзенцы настальгіравалі, угадвалі месцы і казалі, што частка той даўняй атмасферы яшчэ засталася ў горадзе.
На выставу трапілі самыя раннія здымкі Наталлі Дораш, калі яна толькі зацікавілася фатаграфіяй. 45 гадоў таму ад бацькі ёй дастаўся фотаапарат. З таго часу яна з ім не раставалася і насіла ў дзявочай сумачцы побач з памадамі і пудрамі. Фотаапарат, дарэчы, яшчэ працуе.
Плёнкі знайшлі ў мяшку на антрэсолях
Выстава складаецца з некалькіх дзясяткаў фатаграфій. На здымках — штодзённае жыццё гарадскіх вуліц. З кожнай звязаная нейкая гісторыя. Гэтак, неяк па цэнтры горада бегала свіння. Калі Наталля яе здымала, нейкі мужчына закрычаў, што такім чынам фатографка ганьбіць сацыялістычны лад і назваў яе ворагам дзяржавы. Праўда, больш мужчына зрабіць не паспеў, бо свіння пабегла на Савецкую плошчу, а ён збег яе лавіць.
— Гэта не настальгія па Савецкім Саюзе, — кажа пра выставу Павел Мажэйка з «Цэнтру гарадскога жыцця». — Гэта даніна павагі нашаму гораду і бязмернаму таленту Наталлі Дораш і тым архівам, якія ў яе ёсць па гісторыі Гродна. А для маладзейшага пакалення — рэдкая магчымасць убачыць самаму хаця б па фотаздымках тое, пра што чуў ад бацькоў і дзядоў.
Фотаздымкі захаваліся дзякуючы маме Наталлі Дораш. Яна рупліва скручвала і падпісвала кожную плёнку. Пасля яе смерці ўсё знікла. А калі ў кватэры ўжо сталай Наталлі рабілі рамонт, старыя плёнкі знайшлі ў вялікім мяшку ў кладоўцы на антрэсолях. Два-тры гады сышло на рэстаўрацыю і сканаванне архіваў. Пасля выдавецтва «ЮрСаПрынт» выдала фотаальбом «Гродзенскія фатагісторыі».
Зразумець хуткаплыннасць жыцця. Выйшаў фотаальбом Наталлі Дораш «Гродзенскія фотагісторыі»
— Хто ведаў, што пройдзе 45 гадоў, і ўсё гэта стане ўспамінамі пра той Гродна, якога ўжо няма? Фатаграфія дае гэтыя ўспаміны, — кажа Наталля. — А пройдзе яшчэ 50 гадоў - будуць глядзецца зусім па-іншаму.