Пакінуць фуру пад аховай змогуць кіроўцы велікагрузнага транспарта на рынку «Паўднёвы» з чацвярга, 15 лістапада. У гэты дзень на Індурскай шашы, 30 адкрыецца спецыялізаваная асфальтаваная стаянка з кругласуткавым рэжымам працы, піша «Вячэрні Гродна».
Як расказаў намеснік загадчыка «Паўднёвага» Аляксандр Громаў, стаянка патрэбна, каб зрабіць горад чысцей і «перахапіць» велікагрузны транспарт, што рухаецца ў горад. Магчымасць такой стаянкі ацэняць, перадусім, кіроўцы фур, якім трэба трапіць у Гродна дахаты ці па справах. Пакінуўшы аўтамабіль пад наглядам, яны могуць перасесці на грамадскі транспарт — аўтобусы ці маршруткі — і даехаць у любую кропку горада.
Паркоўка разлічана на 30 машынамесцаў, але пры патрэбе можа быць пашырана. Кошт паслугі — 5 рублёў на суткі ці 70 рублёў на месяц паводле дамовы.
Таксама пры патрэбе кіроўцы змогуць пераначаваць у машыне. Да іх паслуг — кавярня і закусачныя, якія працуюць на рэчавым рынку. Паблізу размешчана аўтазапраўка, таму выпіць гарачую каву можна кругласуткава.