У матчы 28-га тура чэмпіянату краіны “Нёман” на сваім полі згуляў унічыю са “Смалявічамі” – 1:1.

Галы ў матчы каманды забілі яшчэ да перапынку. Госці першымі адкрылі лік, калі на 22-й хвіліне Каршакевіч пасля стандарту ўдала пераправіў галавой мяч ў вароты Курганскага.

Гродзенцы адказалі на 34-й хвіліне, дзякуючы рэалізаванаму адзінаццаціметроваму ўдару
Жукоўскім. Пенальці быў прызначаны за гульню рукой абаронцы гасцей у сваёй штрафной.

“Нёман” – “Смалявічы” – 1:1

Ігар Кавалевiч пасля мату:

– Я пагаджуся, што была бескампрамісная баявая гульня. Смалявічы – добрая каманда, якая змагаецца за выжыванне, выдатна правялі гульню. Зрэшты як і мы. Хоць, не атрымалася ўсё зрабіць так, як мы хацелі. І трэба было, і хацелася, каб ледзь хутчэй хадзіў мяч. У першым тайме штрафны прапусцілі, у другім тайме прасела цэнтральная вось, і з’явіліся разрывы. Была двухбаковавострая гульня. Мы да апошняга шукалі шчасця каля брамы суперніка, каб парадаваць сваіх гледачоў, ужо без аглядкі на вынік. Але атрымалася тое, што атрымалася. Разышліся на 1:1.

– Каршакевіч забіў даволі тыповы для сябе гол, хто з абаронцаў павінен быў апякаць яго пры стандарце?
– Горбач. Паглядзелі відэа, ён накшталт усё правільна рабіў, але Каршакевіч здорава адхіліўся.

За два туры да канца чэмпіянату “Нёман” займае 7-е месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 40 ачкоў.

24-га лістапада “Нёман” згуляе ў сталіцы супраць “Мінска”, а 2-га снежня ў заключным туры чэмпіянату на сваім полі будзе прымаць “Дынама – Брэст”.