На сёлетнюю прэмію прэтэндавала чатыры кандыдаты: Мікола Волкаў, Ігар Лапеха, Аляксандр Рыжы і Любоў Турмасава. Атрымаў узнагароду краязнаўца Ігар Лапеха – стваральнік макета ідэальнага Гродна. Яе ўручылі ўвечары 7 лістапада ў Цэнтры гарадскога жыцця.
– Заўсёды прыемна, калі людзі бачаць плён тваёй працы, ацэньваюць яе. Гэта вельмі прыемна, вельмі натхняе чалавека. І я спадзяюся, што праца працягнецца. Гродна не толькі будзе лепшым горадам у рэальнасці, але і лепшым у макеце. Таму што аналагаў у Еўропе няма, – сказаў пра ўзнагароду сам Лапеха.
Ігар кажа, што ягоны макет дазволіць і гродзенцам, і адміністрацыі, якая прыймае рашэнні, змяніць погляд на гістарычны цэнтр Гродна, і такім чынам дапаможа зрабіць горад прывабным, утульным і проста найлепшым у Беларусі. Лапеха працягне ствараць макет: будзе рэалізоўваць праект Гарадніцы і батанічнага саду Жылібера.
Улады Гродна: Батанічнага саду ў парку Жылібера не будзе
Прэмія Ядкоўскага ўручаецца штогадова ўжо сем гадоў тым, хто зрабіў значны ўнёсак у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гродна. У розны час прэмію атрымлівалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы: Андрэй Вашкевіч, Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Фёдар Ігнатовіч, Таццяна Еўдакімава, Наталля Канюк.

– Быў даволі складаны выбар. Але ўжо пасля першага туру быў абраны кандыдат – чалавек, які, на мой погляд, павінен быў атрымаць гэтую прэмію даўно. Таму што яго дзейнасць не толькі ў гэтым годзе, але ў мінулых гадах, праяўлялася ў актуалізацыі тых праблем, з якім сутыкаецца не толькі гісторыка-культурная спадчына, але таксама і экалагічная, прыродная спадчына нашага горада, – кажа Таццяна Касатая. Сапраўды, Ігар Лапеха вядомы сваёй прынцыповай пазіцыяй па захаванні ў горадзе дрэваў.
7 лістапада таксама прэзентавалі гістарычны зборнік “Grodnae et orbi” па выніках міжнароднай гістарычнай канферэнцыі. На ёй свае даклады прэзентавалі даследчыкі Літвы, Украіны, Беларусі і Польшчы. Гісторыкі кажуць, што зборнік звязаны “генетычна” з папярэднімі падобнымі праектамі – “Гарадзенскі палімпсест” і “Гарадзенскі соцыум”.
– Зборнік цікавы, больш арыгінальны за папярэднія. Ініцыятыва склікаць канферэнцыі з’явілася ў 2009 годзе. Такім чынам, гэта ўжо юбілейнае выданне. Значыць, на сённяшні дзень мы дзесяць год можам вольнымі намаганнямі працаваць, даваць такі прадукт і стварылі надзейнае кола аўтараў, – кажа Віталь Галубовіч, адзін з аўтараў і рэдактар зборніка.
У выданні змешчаны матэрыялы, якія датычыцца гісторыі 16-19 стагоддзяў. Набыць яго можна ў Цэнтры гарадскога жыцця.
– Зборнік атрымаўся насычаны цікавым навуковымі артыкуламі. Можна адзначыць артыкулы Аляксея Шаланды, які прадставіў рэканструкцыю нашай гарадзенскай харугвы – нячаста такія навуковыя адкрыцці робяцца падчас канферэнцыі. Вельмі цікавы артыкул віленскага даследчыка Адама Станкевіча, які прадставіў цікавыя рэчы пра крымінальнае жыццё 18 ст. І новыя аспекты алкагалізму ад Андрэя Вашкевіча, артыкул Аляксандра Ланецкага, які расказае пра рабочыя біржы ў Гродне ў 19 стагоддзі, – кажа гісторык Алесь Радзюк.








