Парк актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп» пад Гродна 3 лістапада прыме чэмпіянат і першынства Беларусі па лёгкаатлетычным кросе. Найлепшыя бегуны краіны па выніках аднаго з забегаў складуць каманду для ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы. Дэталі паведамляе БЕЛТА.
У праграму турніру для мужчын і жанчын розных узроставых катэгорый улучаны дыстанцыі на 8, 6, 4, 3, 2, 1,5 і 1 км. Усе яны будуць праходзіць па коле ў 1 км. Чакаюць каля 300 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.
Схілы гарналыжнага комплексу ў апошнія гады ўсё часцей прыцягваюць лёгкаатлетаў. Традыцыяй сталі тут і сустрэчы тых, хто бегае кросы. Да арганізацыі трасы падыходзяць творча: яна штораз новая. Перасечаная мясцовасць, перапады вышынь дазваляюць зрабіць забегі цікавымі і для гледачоў, і для саміх атлетаў. Апроч таго, развітая інфраструктура робіць правядзенне спаборніцтваў камфортным, — расказала намесніца галоўнага суддзі спаборніцтваў Галіна Арцюшеўская.
Яна падкрэсліла, што чэмпіянат рэгулярна збірае найлепшых бегуноў краіны. Забег на 1,5 км будзе прысвечаны памяці знакамітых гродзенскіх трэнераў Уладзіміра і Іванны Храмавых. Па выніках, паказаных менавіта на гэтай дыстанцыі, будзе сфармавана асобная беларуская каманда для ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы. Кантынентальнае першынства адбудзецца ў снежні ў Нідэрландах. Акрамя таго, у праграму чэмпіянату ўлучана эстафета 5×1 км, пераможцаў якой чакаюць прызы ад упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама.