Спадчына

Камяні, цэгла, мазаіка. Тры пытанні да гісторыка Чарняўскага ў сувязі з рэстаўрацыяй Крэўскага замка

Працягваюцца аднаўленчыя працы на руінах Крэўскага замка XIV стагоддзя. Сёлета на ўратаванне аднаго з самых вядомых гістарычных помнікаў на тэрыторыі Беларусі выдзелена амаль паўмільёна долараў з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва. Чым выкліканыя асаблівасці рэстаўрацыі і наколькі наколькі яна адпавядае міжнародным стандартам, гісторык Ігар Чарняўскі тлумачыць у гутарцы з «Радыё С**бода».

Ігар Чарняўскі
Ігар Чарняўскі — археолаг, гісторык, да нядаўняга часу — начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. Адмысловец шмат часу правёў у Крэве як археолаг, разам з Алегам Трусавым і Алегам Дзярновічам быў суаўтарам навуковай працы «Лёс Крэва».

Пасля кансервацыі Княскай вежы будаўнікі ўзяліся за паўночна-заходнюю сцяну. Яна мае амаль 100 метраў даўжыні і на асобных участках сягае да 10 метраў увышкі. Гэтая частка захавалася лепш за іншыя, якія моцна пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў у часе Першай сусветнай вайны. У старажытныя муры вярнулі аўтэнтычныя камяні, «вышчарбленыя» фрагменты закладаюцца чырвонай цэглай. Як і ў выпадку з вежай, сцяну мяркуецца накрыць дахам.

[irp posts="54 521″ name=" Памяшканні ў падвале Княскай вежы развальваліся хутка". Паглядзіце на вежу Крэўскага замка да і пасля кансервацыі"]

1. Камяні падазрона аднаго памеру, хоць у аўтэнтычных фрагментах трапляюцца гіганцкія валуны

У працэсе аднаўлення будаўнікі намагаюцца выкарыстоўваць камяні прыблізна аднаго памеру, вялікія валуны свядома пакідаюцца ў запас. Праз гэта складаецца ўражанне «вельмі акуратнага рамонту».

Адноўленая частка з муроўкай

Адзін з экспертаў, знаёмы з праектнай дакументацыяй, кажа, што ў суправаджальных паперах матэрыял пазначаны як «бутавы камень», таму будаўнікі найперш бяруцца за тое, што могуць падняць без ужывання дадатковых тэхнічных сродкаў. Магчыма, сітуацыя зменіцца, калі камяні патрэбнага памеру скончацца фізічна — іх недахоп ужо адчуваецца.

Ігар Чарняўскі: «Трэба было б пабачыць праект, якое там закладзена рашэнне. Камяні, як мне вядома, выкарыстоўваюцца ў сярэднім каля 30 сантыметраў (плюс-мінус) у папярочніку. Яны найбольш адпавядаюць патрэбам, каб забяспечыць «перавязку». Цяпер ідзе аднаўленне знешніх паверхняў сцяны абапал ацалелай старой забутоўкі. Пры будаўніцтве замка муроўка выконвалася шэрагамі, паступова падымаючыся: вымуроўвалі знешнія паверхні і забутоўвалі сярэдзіну. Пласты муравання былі добра відаць на рэштках мура, дзе абсыпалася знешняя абліцоўка.

Паўночна-заходняя сцяна ў перспектыве

Калі агулам, то кансервацыя робіцца дастаткова прыстойна. А як глядзець пад мікраскопам, заўсёды можна знайсці нейкую недасканаласць. Акрамя таго, бачым толькі што выкананую муроўку. Трэба, каб прайшло колькі часу, каб яна абмылася дажджамі, прыпылілася, абветрылася. Тады можна будзе ацэньваць зробленае больш дакладна".

2. Верх муроў выводзяць цэглай, якая выглядае занадта сучасна, няма эфэкту «старэння»

Верхняя частка муроў у адноўленай сцяне выводзіцца чырвонай цэглай. У ранейшыя часы яе выраблялі з мясцовай гліны, а цяпер хоць і стараюцца наблізіцца да арыгіналу, але ўсё роўна яна выглядае надта сучасна. Элементы навадзелу асабліва заўважныя на вяршыні Княскай вежы: падчас кансервацыі выкарыстоўвалася цэгла, якая моцна дысануе са старымі парэшткамі.

Цагляны пас над каменнай муроўкай

Выйсце з сітуацыі прапаноўваў мясцовы майстра Сяргей Бандарэнка, які ў суседняй вёсцы Чухны ўзводзіць дакладную копію Крэўскага замка ў прапорцыі 1:10. Для свайго «карузліка» ён выкарыстоўвае тую ж аўтэнтычную гліну і лічыць, што выраб цэглы можна даручыць мясцовым жыхарам — ніхто не адмовіўся б зарабіць, штампуючы яе ў формах на панадворках. Балазе, механізм саматужнай вытворчасці просты.

Аўтэнтычная цэгла ў руках Сяргея Бандарэнкі
Ігар Чарняўскі: «Як і ў Лідзе, цагляны пас апаясваў перыметр абарончага мура звонку. Рэшткі яго заставаліся на паўночна-заходнім муры і павінны быць працягнутыя ў той жа стылістыцы. Перавязка цаглін нечым нагадвае гатычную. Але ў Крэве яна вытрымлівалася не заўсёды, што і дало падставы літоўскім даследчыкам яшчэ ў 1970−80-х пісаць пра архаічнасць замка».

Аўтэнтычнае «нутро» закладаецца сучаснай цэглай

Таму нічога не трэба падымаць, а проста ўкладаць цагліны ў адноўлены мур па аналогіі з ацалелым фрагментам. Наогул такія элементы, як цагляны пас, раскліньванне камянёў, павінны быць адлюстраваныя ў праекце. Што да архаічнай цаглянай муроўкі, дамагчыся такога эфэкту з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў, якія вырабляюцца ў Беларусі, складана".

3. Элементы мазаікі ў муроўцы выглядаюць як бутафорскія, а раней яны выконвалі практычную функцыю

У рошчыну для ўмацавання камянёў будаўнікі інтэгруюць невялікія «фрагменты-разынкі». Іх функцыя да канца не зразумелая, збольшага яны выглядаюць як эстэтычнае дапаўненне. Між тым з архіўных сведчанняў вядома, што старадаўнія дойліды дбалі не столькі пра прыгажосць, колькі пераследавалі практычныя мэты.

«Мазаіка» ў міжкаменнай рошчыне

Ігар Чарняўскі: «Што да так званай мазаікі, як бачна на здымках, яна выглядае крыху па-бутафорску. У дадзеным выпадку гэта не была «разынкавая муроўка», паміж камянямі забіваліся каменныя кліны, што дазваляла ўшчыльніць усю канструкцыю, зрабіць яе больш надзейнай. Цяпер жа яна сапраўды выглядае як бы дэкаратыўнай.

Пры ўсім гэтым кансервацыя ажыццяўляецца досыць прыстойная — гэта маё асабістае ўражанне ад убачанага на ўласныя вочы яшчэ ў чэрвені і на цяперашніх здымках".

Месца, дзе заканчваюцца рыштаванні
У 1385 годзе Крэва апынулася ў самым цэнтры еўрапейскіх навінаў — тут была падпісаная дынастычная унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Пачынаўся новы геапалітычны этап для ўсяго кантынента.

Адлік уласнай гісторыі Крэўскі замак пачаў нашмат раней. Да імавернага перыяду яго з’яўлення даследчыкі дадаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагоддзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сыходяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць на пачатку радаводу мураванага абарончага дойлідства.

За сваю доўгую гісторыю замак вытрымліваў шматлікія напады і аблогі, а ў XIX стагоддзі страціў абарончае значэнне і быў закінуты. Вырашальнай для яго далейшага лёсу стала Першая сусветная вайна: ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай перабудовы пацярпеў увесь комплекс.

Лінія фронту ішла па рэчцы Краўлянцы. Замак і касцёл апынуліся на нямецкім баку, праваслаўная царква — на расейскім. Паміж пазіцыямі былі нацягнутыя калючыя драты, праціўнікі адзін аднаго безупынна абстрэльвалі. Паколькі германцы атабарыліся ўсярэдзіне замка, расейская артылерыя біла менавіта туды. Таму да сёння дайшлі не самі сцены, а толькі «нутро», фасад быў цалкам выбіты.

Працы на ўнутранай частцы замка

Першыя спробы ўратаваць Крэўскі замак датаваныя перыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад міжваеннай Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале з вядомым гісторыкам Станіславам Лорэнцам умацавалі парэшткі сценаў металічнымі сцяжкамі, паставілі контрафорс, але скончыць задуманае не паспелі.

З прыходам на гэтыя землі ў 1939 годзе саветаў пра кансервацыю гаворка ўжо не ішла. Наадварот, бальшавікі адразу ж узяліся разбіраць сцены на індустрыяльныя патрэбы. Праўда, нават аслабленыя муры варварству не паддаліся.

У такім стане легендарны замак прастаяў да часоў дзяржаўнай незалежнасці. Тады Княскую вежу накрылі руберойдам, але выглядае, што толькі нашкодзілі — пад накрыўкай збіралася вада, цэгла псавалася і трушчылася. Некалькі гадоў таму канструкцыю дэмантавалі.

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у спіс з трох дзясяткаў памятак даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаванне якіх ускладаецца на дзяржаўны бюджэт. Гэта прадпісвае пастанова Савету міністраў № 437. За два апошнія гады ў кансервацыю і аднаўленне крэўскіх муроў укладзена прыкладна 500 тысяч долараў.

[irp posts="89 227″ name="Стары замак у Гродне — на першым месцы. МТС вызначыў самыя папулярныя турыстычныя аб’екты Беларусі мінулага лета"]

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне робяць сувенірную карту для турыстаў. Толькі на рускай мове

"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…

23 лістапада 2024

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

Нерухомасць тыдня: насупраць Triniti прадаюць кватэру ў мінімалістычным стылі з элементамі скандынаўскага дызайну

Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024