Даехаць да Варшавы зараз можна хутчэй: польскую сталіцу з Беластокам злучыў сучасны аўтабан — на гэтым тыдні дарогу цалкам здалі ў эксплуатацыю.
Як паведаміў «Вячэрняму Гродна» Рафал Маліноўскі, прадстаўнік Беластоцкага аддзела Генеральнай дырэкцыі нацыянальных дарог і аўтастрад, дарожныя працы на трасе S8, якая злучае Беласток і Варшаву, завершаны. Апошні, 13-кіламетровы ўчастак здалі ў эксплуатацыю на гэтым тыдні. На большай частцы трасы дазволена хуткасць 120 км/г — такім чынам, ад Беластока да Варшавы можна будзе дабрацца прыкладна за дзве гадзіны.
Ён таксама распавёў, што «за апошнія тры гады было адрамантавана каля 98 км трасы, якая злучае Беласток і Варшаву. На гэта было выдаткавана больш за 3 мільярды злотых (амаль 795 мільёны даляраў). На трасе па дзве паласы руху ў кожным кірунку, раздзяляльныя і аварыйныя паласы, а таксама агароджы ад жывёл».
На будаўніцтва трасы сышло больш за 15 гадоў.