Гродна, ідзе 2108 год, а Уладзімір Краўцоў ўсё яшчэ працуе старшынёй аблвыканкама, касманаўт Алег Навіцкі ўсё яшчэ лётае ў космас. Менавіта гэта можна зразумець з нумара газеты «Звязда» за 18 верасня.
Сёння знайсці той самы нумар, выпушчаны на 890-годдзе Гродна, праблематычна. У абласной і гарадскіх бібліятэках нумары канфіскавалі, але адданыя падпісчыкі рэспубліканскай газеты далі Hrodna.life той самы «нумар з будучыні».
На галоўнай старонцы газеты, наклад якой сёння каля 20 000, выйшаў загаловак: «З каралеўскім размахам Гродна адзначыў 980-гадовы юбілей». Аўтар — гродзенская журналістка Маргарыта Ушкевіч.
«Так, гэта мая грубая памылка. Пры рэдагаванні не звярнулі ўвагі, хоць у тэксце было напісана правільна. Вось і ўсё. За гэта ўжо ўсім «далі па шапцы», — распавяла журналістка.
Цікавы факт: галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў з 2012 па 2017 года займаў пасаду галоўнага рэдактара газеты «Гродзенская праўда».
Даведка
Газета «Звязда» ў 2017 годзе адсвяткавала 100-годдзе з дня выхаду першага нумара. Цягам яе існавання змянілася некалькі палітычных рэжымаў, яна — сведка войнаў і іншых грамадскіх узрушэнняў.