Сёлетняя восень багатая на кінафестывалі. Прайшоў Cinema Perpetuum Mobile, наперадзе «Паўночнае ззянне». І яшчэ ёсць тры дні, каб наведаць фестываль дакументальнага кіно Watch Docs.
Watch Docs — міжнародны фестываль дакументальнага кіно на тэму правоў чалавека. Гэта адзін з самых старых і самых вялікіх фестываляў дакументальнага кіно ў свеце. У Гродне ён праходзіць з 18 па 21 кастрычніка — сёлета гродзенцы пабачаць стужкі раней за сталічных жыхароў.
Першыя два дні - нэанацысты і фэйкі. А далей яшчэ цікавей!
Распачаўся фестываль «смешнай» дакументалкай «Белы Свет Вачыма Даліборэка» пра жыццё чэшскага неанацыста. Ён «добры хлопец з дрэннымі поглядамі», як называе яго маці. Даліборэк шчыра верыць, што вайну з Трэцім Рэйхам распачало Міжнароднае жыдоўства. Здымае ролікі, на якіх спявае нацыскія песні на фоне сцяга з кельцкім крыжам і не напраўду забівае людзей. Пратэстуе супраць бежанцаў, хоць нармальна камунікуе з калегам-цыганам. А пасля на экскурсіі ў Асвенціме даведваецца, што сярод яго продкаў таксама былі габрэі, і пераасэнсоўвае жыццё.
Праграму фестывалю ў Гродне глядзіце тут. Уваход на ўсе кінапрагляды бясплатны. Запланаваны шэраг дыскусій і сустрэчаў з рэжысёрамі.
Гэтак, на другі дзень фестывалю пасля прагляду кіно «Наш новы прэзідэнт» прайшла дыскусія пра фенамен фэйк-нюс з удзелам галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты і рэдактаркі спецпраектаў сайта Ірыны Новік. Ірына якая назірала за прэзідэнцкімі выбарамі ў Штатах 2016 года непасрэдна, будучы там у камандзіроўцы, таму магла расказаць пра тое, ці адчуваўся ўплыў фэйкаў непасрэдна на месцы.