Два чалавекі загінулі, 14 у шпіталі - такі вынік аварыі, што здарылася на трасе Мінск-Гродна ўвечары 18 кастрычніка. Крымінальную справу паводле арт. 317 ч. 3 КК (парушэнне правіл дарожнага руху, якое прынесла па неасцярожнасці смерць двух чалавек) распачаў Валожынскі раённы аддзел СК, паведамляе БелТА.
Аварыя здарылася 18 кастрычніка, каля 19.40, на 74-кіламетры дарогі Мінск-Гродна. Кіроўца, 46-гадовы гродзенец, не ўлічыў абставіны на дарозе, інфармуе СК. У выніку маршрутка сутыкнулася з бетоннай агароджай. Два чалавекі загінулі: 66-гадовая жанчына на месцы, 71-гадовы мужчына — у шпіталі. Шпіталізаваныя 13 пасажыраў і кіроўца.
ДТЗ здарылася на асветленым участку дарогі, дзе вядуцца рамонтныя работы і ўстаноўлена абмежаванне хуткасці ў 50 км/ч. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай аварыі магло стаць перавышэнне хуткасці кіроўцам. У момант аварыі ён быў цвярозы.
«Адна пацярпелая пераведзеная ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі ў сувязі з вельмі цяжкім станам. Ёй патрэбна аперацыя. Трое чалавек знаходзяцца ў Маладзечне — у іх стан таксама дастаткова цяжкі. Астатнія шпіталізаваны ў Валожынскую цэнтральную раённую бальніцу», — сказала Юлія Барадун, прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя.
Пасажыры атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці: пераломы, вывіхі, ірваныя раны, удары, чэрапна-мазгавыя. Ноччу для аказання кансультатыўнай і практычнай дапамогі на месца выехалі лекары-хірургі з вобласці. Раніцай у Валожын прыбылі псіхолагі з Мінскага абласнога клінічнага цэнтра для аказання псіхалагічнай дапамогі пацярпелым. Усю ноч валожынскія лекары аказвалі экстраную дапамогу пацярпелым.