«Водгукі, якія паспелі з’явіцца ў медыях, вельмі супярэчлівыя: ад вельмі ліслівых да вельмі грэблівых. Думаю, твор атрымаўся. Звычайна чым большы дыяпазон паміж добрай адзнакай і лаянкай, тым больш гэты твор кагосьці зачапіў», — кажа аўтар пра сваю новую кнігу «Ноч». Віктар Марціновіч расказаў у Гродне, чаму не заходзіць у фэйсбук падчас напісання раманаў, што такое «сацыяльная» фантастыка і чаму беларус — гэта той, хто з’ехаў, а пасля вярнуўся.
Паводле сюжэту, аднойчы ранкам не ўзыходзіць сонца і цывілізацыю паглынае адвечная цемра і «адвечны лістапад». Галоўны герой выбіраецца ў доўгае падарожжа да каханай, якая на яго пакрыўдзілася. Ён ідзе ў Непал праз усю Еўразію, а заканчваецца падарожжа ў Беларусі. Падчас вандроўкі выяўляецца, што ўсе беды, якія абрынуліся на людзей, тлумачацца логікай. У канцы чытачоў чакае хэпі-энд.
І аўтар, і першыя чытачы, казалі, што раман шматгранны, але чытэльны. Як і ранейшая кніга аўтара «Мова», «Ноч» напісана ў жанры фантастыкі, але не навуковай, а «сацыяльнай». «Як усякая фантастыка, гэты тэкст не пра будучыню. Ён пра грамадства, тую дзяржаву і цёмныя часы, у якіх мы жывем. І мы ўсе спрабуем дачакацца світанку», — кажа аўтар.
Пісьменнік кажа, што герой — беларус. І «сабачэнцыя» яго Герда — таксама беларуска. Пасля таго, як многія крытыкавалі гераіню «Возера радасці» Ясю за тое, што яна слабая, пісьменнік вырашыў намаляваць «прыстойнага, хэмінгуэеўскага тыпу героя», на якога можна раўняцца.
— Любы беларус хаця б раз у сваім жыцці павінен здзейсніць вандроўку. Калі ты нарадзіўся ў Мышкавічах, мусіш пераехаць у Магілёў. Калі ты нарадзіўся ў Магілёве, мусіш пераехаць у Мінск. Калі ты нарадзіўся ў Мінску, ты мусіш пераехаць ці то ў Маскву, ці то ў Варшаву, ці то ў Прагу. Ты мусіш там пабоўтацца, потым вярнуцца. І вось калі ты вернешся, ты зробішся сапраўдным беларусам. І гэта традыцыя цягнецца ад Скарыны да Шагала і Алексіевіч, — кажа Марціновіч.
— У першай траціне 20-га стагоддзя Марцін Хайдэгер прачытаў тры семестры лекцый пра такі феномен, як нуда. Яко цікавіў такі маркотны стан, калі мы не ведаем, чым сябе заняць, як забіць час. У сённяшні час распавядаць пра нуду немагчыма, бо час — гэта тое, чаго мы пазбавіліся найперш. Сёння, калі ў нас з’яўляецца хвілінка вольнага часу, мы адкрываем тэлефон і патанаем у фэйсбуку. І «чалавек без часу» — гэта такі феномен, які дагэтуль ніхто з сур’ёзных філосаваў не асэнсоўваў.
У рамане «Ноч» Віктар Марціновіч вярнуў чалавеку час праз згасанне гаджэтаў. Сам ён лічыць, што чалавецтва пазбавіцца ад гаджэтаў эвалюцыйным шляхам. «Таму што жыць так, як жывем мы сёння — гэта не жыццё, а нешта накшталт магічнага сну». А чытанне акурат добра запавольвае час і вяртае нас да таго, каб стаць чалавекам «з часам».
Кніга пачала пісацца мінулай вясной у Цюрыху. У Беларусі тым часам адбываліся арышты і пратэсты. Аўтара гэта засмучала.
— Аднойчы я ўявіў сусвет, які тут намаляваны, і зразумеў, што гэты сусвет для мяне больш прыцягальны. Так было з Толкінам: ён напісаў фразу пра нару, у якой жыў хобіт. Пасля закрыў рукапіс і некалькі гадоў яго не кранаў, а маляваў мапу земляў, па якіх гуляў хобіт. Так і ў мяне — гэты тэкст нараджаўся вельмі працяглы час. У нейкія часы было цікавей вандраваць па тым свеце, чым чытаць навіны. Я чытаў навіны і адчуваў іх штучнасць. Гэта ўсё вельмі беларускае: ты адкрываеш T*T.BY і не можаш паверыць у тое, што адбываецца. Пасля ты сядаеш пісаць і ты разумееш, што свет, які ты выбудоўваеш, больш лагічны, зразумелы, вытлумачальны. Паверыць у свет «Ночы» мне рэальней, чым у свет T*T.BY, — кажа Марціновіч.
Першыя раманы аўтар пісаў за чатыры-пяць тыдняў. На «Ноч» было «змарнавана» ўсё мінулае лета. «У маладосці пішацца лёгка, бо няма ўнутрунага рэдактара. Цяжар прачытаных кнігаў не абцяжарвае плечы, бо няма «гэта ўжо было, гэта ўжо было, тут ты паўтараешся, тут ты цытуеш кагосьці».
— Я працаваў ад ранняй раніцы да позняга вечара. І так усё лета, палову вясны і палову восені. У момант, калі ты ўжо ўвайшоў у тэкст, я сабе не дазваляю адрывацца. Бо калі ты робіш перапынак нават на два-тры дні, ты сядаеш за рукапіс і не пазнаеш яго. А самае дрэннае, што ты можаш зрабіць з напалову напісанай кнігай, гэта яе перачытваць і спрабаваць такім чынам увайсці. Ты мусіш быць цалкам там.
Праз гэта аўтар не дазваляе сабе адпачынкаў, сустрэчаў і гаджэтаў. Ён адмаўляецца ад усіх выступаў, лекцыяў, ставіць тэлефон на бязгучны рэжым. Амаль не бачыцца з людзьмі, апроч самых важных. Перапынкі на два-тры дні аўтар рабіў толькі паміж вялікімі часткамі кнігі - «сшыткамі». «Напісанне рамана — гэта варажба. І трэба прытрымлівацца такіх рытуалаў, каб варажбу не сапсаваць. Інакш раман не будзе дзейнічаць на людзей так, як дзейнічае. Калі яны самі не могуць патлумачыць, чаму так глыбока заходзяць у тэкст».
— Як і ўсе беларусы, я шмат думаў пра тое, каб з’ехаць адсюль з канцамі. Калі б я займаўся роўна тым жа недзе яшчэ, фідбэк і ўдзячнасць вымяраліся б у іншых катэгорыях. За апошні месяц я быў у Беларусі шэсць дзён. І магу сказаць, што ў любым замежжы не салодка. Калі ў Беларусі адбываецца нейкая трасца, ты хаця б ведаеш, куды ты будзеш тэлефанаваць і да каго звяртацца па дапамогу.
У замежжы ў мяне некалькі разоў была сітуацыя, калі я ледзь не памёр. У мяне была страўнікавая інферкцыя, якая падвысіла тэмпературу да 42-х градусаў. Я не мог выклікаць хуткую, бо гэта каштавала 700 еўра, а ў мяне было на руках 200. Я ляжаў, піў вадзічку і паміраў. З ложку не мог устаць два тыдні, але і не мог пайсці ў шпіталь. У Беларусі ты так не памрэш. Радзіма — гэта месца, дзе табе не дадуць памерці.
— Я не магу пісаць за мяжой. Пачаў «Ноч» за мяжой, але пісаў, калі ўжо вярнуўся. Каб пісаць, трэба, каб ты нечаму супрацьстаяў. У мяне адчуванне, што мы ўсе тут жывем у беспаветранай прасторы. Перакрочваеш мяжу — і колькасць прапановаў даць інтэрв'ю пачынае расці. Ты з’язджаеш і тое, што ты кажаш, робіцца чутным.
Марціновіч кажа, што любіць радзіму. У тым ліку за крыўды, якія яна нанесла. Бо роспач можна або заліць алкаголем, або напісаць нешта прыгожае. Эфект адзін і той жа, лічыць пісьменнік.
— Сёння на сустрэчы 30−40 чалавек. Мне здаецца, я не апошні пісьменнік у Беларусі, каб збіраць у Гродне 40 чалавек. На мяне ў Цюрыху прыходзіць болей. Гэта беспаветраная прастора. І гэта добра. Таму што калі ты прызнаны, калі ты славуты, з лёгкасцю збіраеш натоўпы, няма супрацьстаяння, няма для чаго пісаць. Няма той горычы, якая цябе змушае сядаць і закрывацца ад крыўды гэтага свету ў тэкстах.
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…