Старыя вясельныя фотаздымкі з музыкам-самавукам Станіславам Маленчыкам, раней непублікаваныя аўдыё- і відэазапісы ягоных выступаў можна будзе убачыць і паслухаць на выставе ў «Цэнтры гарадскога жыцця» (Гродна, Кірава, 3). Яна адкрыецца 27 кастрычніка, а 16:00.
На выставе «Станіслаў Маленчык. Грай, скрыпка, грай…», прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння скрыпача, наведнікі змогуць убачыць раней невядомыя матэрыялы пра яго жыццё. Сярод экспанатаў — некалькі дзясяткаў копій фотаздымкаў з архіваў сваякоў, сяброў і калег музыканта. На іх можна ўбачыць Станіслава Маленчыка ў розныя перыяды жыцця за музыкай, а таксама, як музыкі суправаджалі вясельле, у якія строі былі ўбраныя маладыя і госці.
Будуць дэманстравацца відэа- і аўдыя-запісы 1990-х гадоў, дзе Маленчык грае на скрыпцы, а таксама матэрыялы, што не ў вашлі ў знакаміты фільм 1994 года «Грай, скрыпка, грай…», прысьвечаны скрыпачу. Госьці выставы змогуць пачытаць ўспаміны пра Маленчыка, сабраныя падчас паездкі на яго малую радзіму.
Матэрыялы экспазіцыі, а таксама звесткі, што не ўвайшлі ў яе, прысьвечаныя Станіславу Маленчыку, у будучыні плануюць выдаць на дыску.
Выставу зладзілі ініцыятар гродзенскага сацыяльнага праекта «Танцы гарадзенскіх дворыкаў» Андрэй Бароўскі і прадстаўнік мінскага Клуба традыцыйнага танца «СІТА» Аляксей Крукоўскі. На выставе прадстаўленыя копіі здымкаў з сямейных архіваў Соф'і Рудзік (Маленчык), Ірэны Бяляўскай (Маленчык), Галіны Гасевіч (Валчок), Вандаліна Шанцілы і Генадзя Панова. У стварэнні выставы дапамагалі Арцём Цераховіч, Алег Зубараў, Аляксандра Сайкоўская, Ягор Кісялевіч, Аляксандр Мілоста, Юры Дзяргаўка.
Арганізатары чакаюць на выставе старэйшых людзей, якія памятаюць Станіслава Маленчыка і могуць падзяліцца ўспамінамі пра яго. Уваход вольны.
Як мяркуюць даследчыкі, Станіслаў Маленчык уваходзіў у пяцёрку лепшых вясковых скрыпачоў свайго часу. І паводле багацця рэпертуару ды культуры выкання, і з-за сваёй імправізатарскай схільнасці. Ён быў адным з самых запатрабаваных вясельных музыкаў, хоць і не меў сталай капэлы, а пад канец жыцця звычайна граў адзін. Першае вясельле адыграў у 12 гадоў.
«Гэта ключавая асоба для Гродзеншчыны. Па ягоным рэпертуары мы мяркуем пра музыку, папулярную тут ад пачатку мінулага стагоддзя да 1970-х гадоў. Пакуль быў у вёсцы — жыў выключна з музыкі. Пераехаўшы ў Шчучын, паступова стаў мясцовай знакамітасцю. Чымсці кшталту мясцовага дзівака, вар’ята. Яго наканаваньне было граць. Нягледзячы на тое, хто быў вакол яго — п’яніцы, валацугі — ён граў», — кажа куратар выставы Аляксей Крукоўскі.
Маленчык паходзіў са Шчучынскага раёна. Нарадзіўся ў 1928 годзе. З дзяцінства кепска бачыў, але гэта кампенсаваў абсалютны слых. Раз пачутую недзе мелодыю ён запамінаў і мог зайграць сам.
«Кажуць, ён, як малы яшчэ быў, у разоры на полі сядзеў — і на скрыпцы граў», — з успамінаў Івана Гайдукевіча з вёскі Вялікае Сяло.
Надзвычайны талент браць музыку на слых дазваляў Маленчыку неверагодна пашырыць свой рэпертуар ад архаічнага «Казака», старых абэркаў і мазурак да модных танцаў міжваеннага пакалення (кадрыля, «Аляксандраўскі», танга) і савецкай эстрады.
«Вот полем бураке, і ён ідзе і з скрыпачкай, і гармонік. Як ён пройдзе, то палоць не хочацца! Патаму што весяло! Мы і маладыя былі, і ён заўлякаў. Ні тое, каб замуж за яго ісці, але для весялосці!», — з успамінаў Марыі Кулікоўскай з вёскі Вялікае Сяло.
Не маючы музычнай адукацыі, не ведаючы як след нотаў, Маленчык стаў прафесійным музыкантам і зарабляў на жыцьцё музыкай. Спачатку на вяселлях, провадах, хрысьцінах, потым удзельнічаў у фестывалях народнай культуры. Прыбытак прыносілі і губныя гармонічкі, якія сам вырабляў і прадаваў.
«Помню, у Сарафінах вяселле, а людзі даведаліся, што ён і на гармонічку грае, то папрасілі. Ён прыстроіў — і ўжо грае. Гляджу, некі чалавека плача. Я пытаюся: «Якая ў Вас бяда, што мой таварыш грае, а Вы плачаце?». А той кажа: «Спасібо, усё харашо, але надто бажэственная музыка ў яго», — з успамінаў Вандаліна Шанцілы з вёскі Мякішы.
Талент Станіслава Маленчыка выяўляўся і ў здольнасці граць на розных інструментах. Ён граў на гармоніку, гітары, мандаліне, губных гармонічках, але любімай заставалася скрыпка.
«Напрыканцы жыцця ўжо амаль нявідушчы і нямоглы музыка ўсё роўна граў — на шчучынскім рынку, на аўтастанцыі. Камандзіровачныя памятаюць скрыпача, што сустракаў з музыкай рэйсавыя аўтобусы. Памятаюць, як рэзаў полькі і танга, прабіраючыся паўз салон і раз-пораз вітаючыся са збянтэжанымі землякамі, як мог бясконца граць, выконваючы замовы выпадковых грашавітых пасажыраў», — распавядае Аляксей Крукоўскі.
«Як пайшла гэтая новая музыка, яго рэдка хто прыглосіць на свадзьбу, то вот ён і хадзіў на аўтастанцыю […]. Чалавек ня мог у хаце сядзець — ён хацеў іграць!», — з успамінаў Чаславы Гайдукевіч (Маленчык) з вёскі Вялікае Сяло.
Станіслаў Маленчык пайшоў з жыцця 6 жніўня 2007 года. Пахаваны на шчучынскіх могілках.
***
Пасля выставы, а 20 гадзіне адбудзецца сустрэча аматараў традыцыйных танцаў «Дзень і ноч 27.Х.2018», якую ладзіць гродзенскі сацыяльны праект «Танцы гарадзенскіх дворыкаў».
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…