Дзяржкантроль выявіў схему гандлю бытавой тэхнікай без выплаты падаткаў. Затрымалі людзей, якія ўвозілі і рэалізоўвалі на тэрыторыі Беларусі з парушэннем заканадаўства тэлевізары, гукавыя панэлі і іншую тэхніку.
Частку сваіх тавараў кампанія рэалізоўвала з выплатай усіх падаткаў. Астатнія тавары набывалі і прадавалі за наяўныя грошы, гэтыя здзелкі не адлюстроўваліся ў бухгалтарскай дакументацыі, што дазваляла не плаціць падаткі.
Згодна з інфармацыяй КДК, у бізнес былі ўцягнутыя жыхары беларуска-польскага памежжа, якія пад заказ ўвозілі на тэрыторыю Беларусі бытавую тэхніку. Яна захоўвалася ў Мінску ў арандаваным гаражы і прыватным доме кіраўніка камерцыйнай структуры.
Усяго ў бюджэт не паступіла больш за 570 тыс. рублёў. Супрацоўнікі фінансавай міліцыі выявілі каля 70 адзінак бытавой тэхнікі без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё. Агульная сума канфіскаваных тавараў склала амаль 120 тыс. даляраў.
У дачыненні да кіраўніка кампаніі ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».