59-гадовая пенсіянерка ў Мастоўскім раёне зайшла ў гандлёвую залу і паспрабавала выкрасці выстаўлены на продаж ровар. Прадавец зрабіла ёй заўвагу, пасля чаго ўбачыла нож у руках жанчыны. Пагражаючы нажом, пенсіянерка выкаціла веласіпед, але нікуды не паехала, а кінула яго непадалёк. У гэты час прадавец выклікала міліцыю, піша УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Сама жанчына пражывае ў суседнім Ваўкавыскім раёне, а на момант кражы была моцна п’яная і нічога пра ўчынак патлумачыць не змагла.
Падазраваная раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася, у яе вышэйшая адукацыя. Прызначана судова-псіхіятрычная экспертыза.