Раніцай 4 кастрычніка ў групе ВКонтакте «Пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёлаў Гродна» з’явіўся запіс, што ўчастак па адлову жывёлаў у горадзе будзе зачынены. Валанцёры занепакоеныя сітуацыяй і пішуць ва ўсе інстанцыі. У САГу пракаментавалі чуткі аб магчымым закрыцці.
Валанцёры ўжо паспелі звярнуцца ў мясцовыя выканкамы, а таксама маюць намер напісаць у адміністрацыю прэзідэнта.
«У кожным горадзе Беларусі, дзе няма Пунктаў ўтрымання, а толькі адлоў і адстрэл, людзі пішуць петыцыі, ходзяць да ўладаў, каб такія пункты былі адкрыты, таму што гэта крок да цывілізацыі ў нашай дзяржаве, — распавядае валанцёр Анастасія Пасюта. — А наш горад робіць крок назад?
Пунктыствараліся дзяржавай у мэтах гуманізацыі грамадства. Тое, што яны былі перададзеныя ў ЖКГ, не азначае, што пункты ўтрымліваюцца за нечыя прыватныя сродкі. Утрыманне ідзе за кошт падаткаплацельшчыкаў. То якім чынам грамадска значны аб’ект, які ўтрымліваецца за сродкі горада, закрываюць чыноўнікі, якім ён не належыць?
Мы напісалі ліст у аблвыканкам. Будзем пісаць у адміністрацыю. Будзем разбірацца і патрабаваць пакінуць пункт. Пакуль нам проста не зразумела, з кім змагацца і з якой нагоды".
Пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл — гэта не прытулак. Валанцёры адзначаюць, што людзі, якія аддаюць туды свайго гадаванца, выракаюць яго на смерць. Пункт знаходзіцца на базе «Спецаўтагаспадаркі» Гродна, жывёлы трапляюць туды пасля адлову. Паводле закону ў іх ёсць усяго некалькі дзён, каб знайсці ранейшага гаспадара ці новага. Інакш іх усыпяць. На сённяшні дзень у пункце знаходзіцца 40 сабак.
Каб праясніць сітуацыю Hrodna.life звярнуўся да кіраўніцтва САГ.
«Інфармацыя пра закрыццё не адпавядае рэчаіснасці. Ніхто нічога не закрывае. Пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл працягвае працаваць на ранейшых умовах і ў ранейшым рэжыме. Аб’ём фінансавання застаецца, як і быў запланаваны бюджэтам горада. Вы ўявіце, што будзе калі ў Гродне закрыюць Пункт часовага ўтрымання».