Ці чулі вы пра тое, што пад Савецкай плошчай ёсць падзямеллі, дзе працуюць вязні гродзенскай турмы? А пра 365 жонак Станіслава Аўгуста Панятоўскага? Гродзенскія гісторыкі вырашылі зафіксаваць гарадскія міфы і выпусцілі кнігу «Легенды (не)старой Гародні». Яе прадставілі на адкрыцці новага сезона курсаў Мова нанова 24 верасня.
Пра кнігу
Кніга выйшла пад аўтарствам гісторыка Андрэя Павача, за якім хаваецца некалькі навукоўцаў. Гісторыкі адзначаюць, што кніга — не навуковая праца, а спроба зафіксаваць легенды.
Кніга выйшла ў выдавецтве Аляксандра Рыжага «ЮрСаПрынт». Выдавец лічыць, што легенды нават лепшыя за агульнавядомую гісторыю. Бо «гісторыя — троху прастытуцкая рэч, а легендай не падменіш». Кнігу прысвяцілі Віктару Саяпіну, якога гісторыкі з павагай называюць яшчэ адной «гарадской легендай».
Хто прыдумвае гарадскія легенды?
Гісторыкі кажуць, што большасць гродзенскіх легендаў прыдумваюць экскурсаводы. Часам міфы прыдумваюцца, а потым іх падаюць як факты.
Напрыклад, з падачы Андрэя Вашкевіча з’явілася легенда пра двух гродзенскіх анёлаў на Фарным касцёле. Адзін з іх у 2009 годзе адваліўся. «І я любіў казаць, што калі два анёлы павярнуцца адзін да аднаго, то будзе канец свету. Цяпер гэтую гісторыю пачалі пераказваць, а другі анёл дагэтуль чамусьці не з’явіўся». Таму калі ўбачыце, што анёлы адзін да аднаго павярнуліся, рыхтуйцеся.
Як нараджаюцца легенды?
Сапраўдная легенда — гэта код і спроба патлумачыць незразумелую рэч з паўсядзённасці зразумелай мовай. Часам яны з’яўляюцца з-за памылак.
— Нядаўна я пачуў ад адной жанчыны-экскурсавода, што ў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага было 365 жон — на кожны дзень па жонцы. Я падумаў, што гэта нарадзілася з той легенды, што кароль Аўгуст ІІ меў ад 250 да 350 дзяцей. Хутчэй за ўсё, нехта пачуў гэта і 350 дзяцей Аўгуста ІІ пераўтварылася на 360 жонак Станіслава Аўгуста Панятоўскага, — кажа Андрэй Вашкевіч.
Легенды старой Гародні…
Пра адно і тое ж месца можа існаваць некалькі легендаў у розных варыянтах. Усе гісторыкі мараць знайсці падземныя хады ў Гродне. Па самых смелых здагадках, хады ідуць ад Баторыеўкі да ўсіх касцёлаў і цэркваў Гродна. Пад Фарай Вітаўта знаходзіліся старыя печы, дзе немцы спальвалі габрэяў. А пад Савецкай плошчай ёсць падземная майстэрня, дзе працуюць вязні турмы. І калі ноччу прыкрасці вуха да вуліцы Маркса, то можна пачуць, як стукаюць іх малаточкі.
— А чулі пра гродзенскіх сфінксаў на Новым замку? — пытае Андрэй Чарнякевіч.
Гэта выява маці, якая тапіла сваіх дзяцей адно за адным. На ёй сядзіць дзіця, якое, па адной версіі, само яе патапіла, а па другой — прыспала, заплятаючы ёй косы. Таму праходзіць праз вароты ў Новы замак трэба ціха, каб не разбудзіць яе.
Ёсць гродзенскія легенды, якія вядомыя далёка за межамі нашага горада. Напрыклад, пра нямы сойм, які адбыўся пры другім разборы Рэчы Паспалітай. Большасць паслоў былі купленыя. І калі трэба было прагаласаваць «за» падзел, ніхто не мог зважыцца гэта сказаць. Праходзілі гадзіны, дні. І ў нейкі момант маршалак сказаў: «Маўчанне — знак годы». І паставіў подпіс і пячаць.
… і сучаснай
— Калі вы не можаце нешта да канца зразумець з вашага атачэння, нейкія рэчы вам падаюцца дзіўнымі, вы шукаеце самае простае тлумачэнне. Напрыклад, што за выява на Новым замку? Чаму Ленін паказвае ў той ці іншы бок? Таму легенда — гэта агульная мова гарадзенцаў. Калі адбываюцца змены ў насельніцтве і папярэднія жыхары знікаюць, не пакінуўшы тлумачэнняў, наступнае пакаленне спрабуе гэта патлумачыць самастойна, — кажа Андрэй Чарнякевіч.
Легенды могуць з’яўляцца, калі не хапае інфармацыі. Дзе закапалі помнік Сталіну? Куды мост з вуліцы Ажэшка вывезлі?
— Легенды — гэта не вынік лагічнай працы, а пачуццё. У той момант гэта было менавіта тое, што мы адчулі і з чым згадзіліся, — тлумачыць Андрэй. Таму можна страваць свае легенды і не саромецца іх.
Сколько будет праздничных дней в грядущем 2019 году? Календарь выходных дней 2019, официальные выходные поможет вам правильно формировать отчетность, быть вовремя.