На чэмпіянаце Беларусі па цяжкай атлетыцы, які праходзіў у Гродне з 19 па 22 верасня, чэмпіён Алімпіяды ў Пекіне Андрэй Арамнаў стаў лепшым у сваёй катэгорыі. Ён распавёў Hrodna.life, чаму вырашыў вярнуцца ў вялікі спорт і якія задачы ставіць перад сабой.
Цяжкаатлет пасля працяглага перапынку вярнуўся да актыўных трэніровак і выступаў. Ён плануе атрымаць магчымасць выступіць на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа.
У Гродне Арамнаў змагаўся ў катэгорыі 109 кг.
«Сёння галоўны мой супернік — штанга. Толькі яе трэба перамагчы, толькі яна мяне хвалюе — наколькі яна цяжкая або лёгкая. Я шчаслівы, што ўпершыню за доўгі час выступіў на сур’ёзным старце — чэмпіянаце краіны. Вынікам я не вельмі рады, але гэта ўсё роўна перамога. Я даўно не ганяў вагу і каля пяці гадоў не выступаў у сваёй катэгорыі».
Спартсмен распавядае, што згонка 14 кілаграмаў перад спаборніцтвамі адчувалася. Арамнаў скінуў іх за 10 дзён.
«Я не маладзею, а наадварот, і кожны год згонка вагі па-рознаму праходзіць. У гэтым годзе хутка ўсё прайшло і таму я не змог выкласціся напоўніцу на спаборніцтвах. Апошнія пяць дзён перад чэмпіянатам у Гродне я амаль нічога не еў. А пяць дзён не есцi і падымаць штангу вельмі складана. Апошнія тры кілаграмы неверагодна складана ішлі.
У Гродне мяне хістала і кашмарыла, але самае галоўнае, што я зрабіў высновы: шмат вагі лепш не набіраць — старая схема ўжо не пракатвае. Будзем рабіць папраўкі, будзем акуратна трымаць вагу і на чэмпіянаце свету ўсе недахопы выправім".
Андрэй расказаў пра асноўныя задачы для сябе на бліжэйшы час.
«Галоўнае на чэмпіянаце свету выступіць і трапіць у каляіну. Таксама для мяне сёння важна патрапіць у зборную і быць яе членам, а не проста трэніравацца з ёй. Мне патрэбна грашовая кампенсацыя, каб было на што рыхтавацца. А рыхтуюся я зараз, як той казаў, на вадзе і сухарах. А ўстаноўка ад трэнераў - правільная дыета і трымаць вагу, якая патрэбная. Да Алімпіяды яшчэ шмат часу і я яшчэ падрыхтуюся. Сёння мне не сорамна прайграваць або выйграваць: як атрымалася, так атрымалася. Я нанава пачынаю кар’еру. Тое, што я стартануў на чэмпіянаце краіны з першага месца — ужо выдатны вынік».
Рэкорды Арамнава
Беларус Андрэй Арамнаў у 20 гадоў стаў алімпійскім чэмпіёнам Пекіна-2008, усталяваўшы ўпершыню ў гісторыі цяжкай атлетыкі адразу 3 сусветныя рэкорды на Гульнях: у рыўку — 200 кг, штуршку — 236 кг, і па суме рыўка і штуршка — 436 кг. Дагэтуль Арамнаву належыць рэкорд свету ў рыўку ў катэгорыі да 105 кг.