HrodnaMediaRoom аб’яўляе конкурс «Будзь у цэнтры» на лепшае асвятленне грамадскай актыўнасці ў Гродне і Гродзенскай вобласці. Да ўдзелу прымаюцца матэрыялы на тэму грамадскай актыўнасці, якія публікаваліся ў СМІ пачынаючы з 1 верасня 2017 года. Матэрыялы прымаюцца да 30 лістапада 2018 года ўключна.
Мэтай конкурса з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гродзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў, а таксама ўдасканаленне прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў СМІ і заахвочванне таленавітых журналістаў да асвятлення тэмы грамадскай дзейнасці на Гродзеншчыне.
Калі вы хочаце, каб журналісты Hrodna.life падрыхтавалі матэрыял пра вашу арганізацыю ці ініцыятыву — напішыце нам на [email protected]. Будзем рады знаёмству і супрацы!
Адзін аўтар можа даслаць на конкурс не больш за 3 матэрыялы. У конкурснай заяўцы каротка напішыце пра сябе і свой досвед працы, а таксама чаму вы выбралі такую тэму для матэрыяла, чаму яна важная для вас ці для грамадства.
У конкурсных працах будзе ацэньвацца:
— грамадская значнасць узнятай праблемы;
— стыль, спосабы аўтарскай падачы;
— наяўнасць мультымедыя, фота, відэа ці інфаграфікі;
— «прывязка» да мясцовых праблем.
Вынікі конкурсу падвядзе прафесійнае журы з ліку вядомых беларускіх журналістаў, грамадскіх дзеячоў і актывістаў.
Працы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэньвацца сябрамі журы па 10-бальнай шкале. Пераможцам будзе прызнаны матэрыял, які набярэ найбольшую суму балаў.
Пераможца конкурсу атрымае каштоўны прыз.
Заяўкі дасылайце на адрас [email protected] з пазнакай «Конкурс».