9 верасьня стала вядома, што цела 26-гадовага салдата адной з частак Горадзенскага гарнізону было знойдзена ў лесе разам з перадсмяротнай запіскай, паведамляе Радыё С**бода.
Стрыечная сястра салдата Вольга паведаміла С**бодзе, што імя загінулага Сяргей Сяргеевіч Ясюкевіч, ён нарадзіўся 17 снежня 1991 году.
«Ён чалавек нялёгкага лёсу. У маладым узросце трапіў пад уплыў кепскай кампаніі і два разы быў судзімы за крадзеж. Але ў турме ня быў, у якасьці пакарання было вольнае пасяленне. Калі вярнуўся, троху працаваў у Маскве.
Калі яму было 25 гадоў, некалькі разоў казаў мне, што хоча пайсці ў войска і застацца там працаваць па кантракце. Але праблема ў тым, што з судзімасцю вельмі цяжка трапіць у войска. Ведаю, што ён некалькі разоў да ваенкама ў Навагрудак, прасіўся. У выніку ўзялі, пачаў служыць", — распавяла Вольга.
Яна ўдакладніла, што Сяргей Ясюкевіч нарадзіўся ў вёсцы Ятра, пад Навагрудкам. Яго бацька даўно памёр, маці цяпер жыве ў Навагрудку разам з дачкой.
«Падчас яго службы мы трымалі кантакт, перапісваліся ў „ВКонтакте“. Ён пэрыядычна прасіў грошы — то 10, то 20, а то і 50 рублёў. Калі пытала, навошта, адказваў няўцямна, маўляў на цыгарэты. Ён дасылаў мне нумары картак ці невядомыя мне нумары тэлефонаў, куды трэба было перавесці грошы. Памятаю, што я нават абуралася, чалавек жа нібыта знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэньні, а тут немалыя грошы просіць», — дадала Вольга.
Далей жанчына сказала, што ёй вядома пра тое, што Сяргею ў чэрвені прастрэлілі руку, ён знаходзіўся на лячэньні ў Менску.
«У афіцыйнай заяве гаворыцца, што Сяргей знік у сераду, 5 верасьня. Наша сям’я лічыць, што гэта не зусім так. Справа ў тым, што ўжо некалькі тыдняў мне, а таксама яго роднай сястры, якая жыве ў Навагрудку, і брату, які жыве ў Маскве, тэлефануюць з вайсковых органаў і пытаюцца, ці ня ведаем мы, дзе Сяргей, а таксама, з кім ён камунікаваў. Да яго роднай сястры, якая цяпер знаходзіцца ў радзільным доме на захаванні, прыходзілі вайскоўцы і пыталіся, дзе Сяргей. У гэтай гісторыі вельмі шмат нявысветленага, і я нават ня ведаю, што думаць. Пра смерць Сяргея мне сказаў брат з Маскву, яму тады пазванілі і паведамілі», — дадала Вольга.
Пахаванне Сяргея Ясюкевіча адбудзецца ў сераду, 12 верасьня, у вёсцы Ятра Навагрудзкага раёну.