Каля 12 гадзін дня супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС патрулявалі тэрыторыю каля аўтавакзала. Міліцыянты звярнулі ўвагу, што на прыгарадным пероне даволі дзіўна размешчаны аўтобусы, піша УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Чатыры машыны стаялі квадратам так, каб прыкрываць адно аднаму паліўныя гарлавіны. Праваахоўнікі падышлі бліжэй і выявілі, што з аднаго з аўтобусаў якраз зліваюць «салярку». Каністру ўжо паспелі напоўніць 12-ю літрамі дызеля, у астатніх аўтобусах таксама выяўленыя ёмістасці з рэшткамі паліва і свежавыкарыстаныя шлангі.
На месца адразу былі выкліканыя прадстаўнікі аўтобуснага парка, у тым ліку асобы, якія адказваюць за ўлік гаруча-змазачных матэрыялаў. Пачаты адміністрацыйны працэс.