Камітэт Беларускай федэрацыі футбола па статусе і пераходах футбалістаў 7 верасня прыняў рашэнне ў дачыненні да выплаты кампенсацыі за падрыхтоўку і навучанне беларускага паўабаронцу  Паўла Савіцкага. Згодна з гэтым рашэннем, брэсцкае “Дынама”, колеры якога сёння абараняе футбаліст, павінна выплаціць гродзенскаму “Нёману”  398,23 тысячы долараў.

Нагадаем, 28 снежня брэсцкае “Дынама” абвясціла, што заключыла з Паўлам Савіцкім трохгадовае пагадненне.

Днём пазней старшыня ФК “Нёман” Іван Варсовіч распавёў, што ў верасні клуб прапаноўваў Савіцкаму новы кантракт на палепшаных умовах, але футбаліст адмовіўся.

Пасля падпісання “Нёман” накіраваў у Брэст ліст з патрабаваннем кампенсацыі за “падрыхтоўку і навучанне” футбаліста. Падставай для гэтага стаў пункт 4 артыкула 22 “Рэгламенту АБФФ па статусе і трансферах футбалістаў”. «Нёман» патрабаваў за футбаліста 600 тысяч долораў.

Але пазней бакі дамовіліся, што кампенсацыю «Нёману» выплаціць кампанія «Сохра-групп» – асноўны фінансавы спонсар клуба берасцейцаў. Яе памер павінен быў скласці 211 тысяч долараў, аднак “Дынама” не выплаціла суму і гродзенскі клуб звярнуўся ў АБФФ.