Вялікі хакей вярнуўся ў Гродна. У першым матчы сёлетняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў 31 жніўня «Нёман» прымаў на сваім лёдзе чэшскую «Камету». Матч скончыўся перамогай гродзенцаў з лікам 4:2.
Першы матч гродзенцаў у Лізе чэмпіёнаў наведала 2385 гледачоў. За кошт такой падтрымкі і ўпэўненай гульні «Нёман» здолеў абыграць чэмпіёнаў Чэхіі.
У чырвона-чорных дубль аформіў Сяргей Смураў, якога прызналі найлепшым гульцом у матчы. Таксама ў складзе гродзенцаў па разе вызначыліся Антон Елісеенка і Аляксандр Маляўка. У чэхаў шайбы закідвалі Ян Грушка і Ян Штэнцель.
«Нёман» — «Камета» — 4: 2 (1: 0, 2: 2, 1: 0)
Шайбы закідвалі:
1: 0 — Смураў (Савінаў, Варывончык) 10:02
2: 0 — Елісеенка 24:01
2: 1 — Грушка (Горкі, Кашпар) 27:59
2: 2 — Штэнцель (Стронджала) 30:00
3: 2 — Смураў (Савінаў) 38:04
4: 2 — А. Маляўка (Смураў) 43:34
Could this be a huge opening game win for Neman Grodno? They lead 4−2 #ChampionsGoBeyond pic.twitter.com/99Yt84Oiwk
— Champions Hockey League (@championshockey) August 31, 2018
Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў пасля пераможнага матчу:
— Мы вельмі добра пачалі сённяшні матч, на добрых хуткасцях. Тое, што мы запланавалі, калі рыхтаваліся да сённяшняга матчу, даволі многае атрымлівалася, асабліва ў першым перыядзе. І павялі, і стваралі моманты, але ў другім перыядзе з-за выдаленняў каманда прасела.
Вельмі выдатна госці гулялі сёння ў атацы. Паказалі, як трэба кантраляваць гульню ў атацы, я маю на ўвазе ў большасці. І вось гэты гол яны проста выдатна закінулі. Але задаволеныя тым, што калі былі яшчэ выдаленні - хлопцы добра адпрацавалі ў абароне, выстаялі. Калі мы павялі ў ліку, госці павінны былі больш актыўна пачаць гуляць, што і адбылося. Мы добра бараніліся і тыя контратакі, якія стварылі, удала рэалізавалі. Прыемна, што ўсё так склалася. Павіншаваў рабят з добрай гульнёй, свята атрымалася. Хакей быў добры.
Ужо 2 верасня «Нёман» правядзе другі матч у Лізе чэмпіёнаў. На сваім лёдзе гродзенцы будуць прымаць швейцарскі «Цуг». Білеты яшчэ ёсць у продажы.