Гродзенцу Яўгену Пятрову 33 гады і ў яго ёсць незвычайнае хобі. Кожны дзень ён выязджае ў цэнтр Гродна, каб пакатацца на заднім коле ровара. Яўген нават паспеў паставіць уласны рэкорд — праехаў «на дыбах» усю Савецкую вуліцу.
Выконваць трукі на веласіпедзе хочуць навучыцца многія яшчэ з дзяцінства. Аднак, гэта патрабуе навыкаў і часу. Гэтак, Яўген захапляецца яздой на заднім коле ровара два гады.
«Мой рэкорд на адным коле — уся Савецкая вуліца. Атрымліваецца зрабіць гэта, калі ёсць пэўны запал, драйв, удача і калі мала людзей на вуліцы. Каб пераадолець такую адлегласць трэба шмат трэніравацца», — распавядае Яўген.
https://www.instagram.com/p/Bm2k3PfBZgm/?taken-by=raslkulevich
Катаецца ён штодзённа на звычайным горным ровары. «Гэта маё хобі, — распавядае мужчына. — Ёсць у Гродне хлопцы, якія заскакваюць на высокія перашкоды на велатрыяле, гэта мне падабаецца, але крыху не для мяне. Я не магу быць у адным месцы, мне падабаецца ўсюды катацца і нешта выконваць».
Уілі і сёрф
Ёсць два варыянты язды на заднім коле ровара: уілі (англ. «wheelie»), пры якім рух на адным коле ажыццяўляецца праз кручэнне педаляў, і сёрф, у якім ездзяць без удзелу педаляў, а толькі за кошт папярэдне набранай хуткасці.
«Я аддаю перавагу ўілі, мне гэты стыль больш зручны. Людзі да ў цэнтры да мяне ставяцца ў асноўным станоўча. Напэўна, хтосьці палохаецца, калі бачыць, што чувак нясецца на вялікай хуткасці і пры гэтым на адным коле. Узнікаюць пытанні: а ці здолее ён утрымаць кантроль на ровары? Магу ўсіх супакоіць: я вельмі добра кантралюю ровар і ніколі не ўрэзаўся ў людзей».
Удзельнічаць у якіх-небудзь спаборніцтвах Яўген пакуль не плануе.