Два аўтобусы гродзенскіх заўзятараў 24 жніўня адправіліся з Гродна ў Маладзечна на фінал Кубка Салея. Вырашальны матч паміж «Дынама-Маладзечна» і «Нёманам» пачнецца ў 19:00. Чакаецца, што ў фінале гродзенскую каманду будзе падтрымліваць каля 200 чалавек.
Нагадаем, «Нёман» ужо двойчы станавіўся ўладальнікам Кубка Салея (2014 і 2016 гады), а «Дынама-Маладзечна» ўжо другі раз выйшлі ў фінал. У 2015 годзе дынамаўцы прайгралі сталічнаму «Юнацтву».
Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў напярэдадні фіналу Кубка Салея ацаніў узровень «Дынама-Маладзечна».
— Здзіўленыя, што ў тытульным баі выпала супрацьстаяць менавіта маладзечанцам?
— Ніколькі. У міжсезонне яны сабралі добры склад і па гульні глядзяцца выдатна. Іх поспех можна толькі вітаць — выдатна, што з’явіўся яшчэ адзін магутны канкурэнт. Спадзяюся, і ў экстралізе разгорнецца не менш вострая барацьба. Чакаю, што шчыльнасць ў табліцы будзе высокай, а вынікі - непрадказальнымі.
— У групе вы адолелі «Дынама» ў серыі булітаў …
— Добры матч роўных супернікаў. Мабыць, нічыя па выніках асноўнага часу справядлівая. А ў серыі булітаў мы апынуліся мацней. Вось тут ўдача была на нашым баку. Хоць я не лічу буліты латарэяй. Майстэрства вырашае, — сказаў Пушкоў у інтэрв'ю карэспандэнту «Прэсбола»
Тэлеканал «Беларусь 5» правядзе прамую трансляцыю фінальнай гульні.