З сярэдзіны жніўня прадпрыемства «Гроднаводаканал» пачало замену старых савецкіх люкаў у цэнтры Гродна. Новыя люкі, такія ж як і ў цеплавых сетак, толькі з іншым надпісам, працягнуць усталёўваць да Дня горада, які святкуецца ў трэцюю суботу верасня.
Першыя пяць новых люкаў «Гроднаводаканал» усталюе ў цэнтры Гродна на вуліцы Савецкай. У перспектыве новыя люкі з’явяцца ў парку і ў пешаходных зонах цэнтра горада. Усяго прадпрыемства ўсталюе некалькі дзясяткаў сучасных люкаў.
На новых люках размешчаны герб горада, год першай згадкі пра яго і назва на чатырох мовах.
Ідэя замяніць люкі ў Гродне прыйшла кіраўніцтву цеплавых сетак РУП «Гроднаэнерга». Для гэтага быў праведзены конкурс паміж супрацоўнікамі. Гарадскія ўлады ўхвалілі гэтую ідэю. За лета прадпрыемства памяняла амаль усе старыя люкі на новыя. Заменай люкаў зараз займаецца «Гроднаводаканал».