Пра тое, што менавіта кітайцы набудуць будынак былой медыцынскай акадэміі, гаварыць пакуль рана. Такога меркавання прытрымліваецца намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык. З яго слоў, інвестары з азіяцкай краіны пакуль толькі выказалі жаданне ўдзельнічаць у аўкцыёне.
Інфармацыя пра магчымых кітайскіх інвестараў афіцыйна з’явілася 10 жніўня. У гэты дзень у гарвыканкаме паміж кіраўніцтвам горада і прадстаўнікамі кітайскай правінцыі Ганьсу быў падпісаны мемарандум аб рэалізацыі сумеснага праекта па рэканструкцыі гістарычнага будынка ў цэнтры Гродна пад турыстычны комплекс.
[irp posts="77 607″ name="Кітайцы могуць выкупіць будынкі ў цэнтры Гродна. Асабліва іх цікавіць будынак былой ваеннай камендатуры"]
«Тое, што кітайцы набудуць гэты будынак, гэта пакуль толькі размовы. Ёсць усталяваны парадак перадачы аб’екта інвестару, — распавядае Андрэй Болтрык. — Аб'ект ў цэнтры Гродна пакуль без гаспадара і каб яго аднавіць патрабуюцца каласальныя сродкі. Пакуль іншых крыніц, акрамя перадачы прыватнаму інвестару, мы не бачым. Кітайцы гэта адзін з магчымых варыянтаў. Пакуль яны выказалі свае намеры, але не пацвердзілі».
Андрэй Болтрык адзначыў, што мемарандум падпісаны пра тое, што кітайскія інвестары выказалі жаданне ўдзельнічаць у аўкцыёне. А ў іх можа ўдзельнічаць любая прыватная асоба. Умова для ўсіх інвестараў адна: цягам чатырох гадоў уцягнуць аб’ект у гаспадарчы абарот.
[irp posts="77 861″ name="Chinatown у парку Жылібера? Чаму нельга дазваляць будаваць у кітайскім стылі ў цэнтры Гродна"]
«Што тычыцца таго, што там будзе, то нават калі дапусціць, што будынак набудуць кітайцы, то ёсць парадак узгаднення рэканструкцыі такіх аб’ектаў. Гэта ў першую чаргу бачанне Міністэрства культуры. Знешні выгляд будынка захаваецца, гэта зразумелая справа. А кітайскі дэкор і домікі гэта пакуль чуткі», — дадаў Болтрык.
Адрэстаўраваць за чатыры гады
Па ўмовах таргоў новы ўласнік палаца можа рэканструяваць будынак пад аб’ект адміністрацыйнага або культурна-асветніцкага прызначэння. Пераможца таргоў павінен падпісаць ахоўнае абавязацельства на нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасць, а на працягу наступных чатырох гадоў - правесці капітальны рамонт палаца і ўвесці яго ў эксплуатацыю. Акрамя самога палаца з усімі прылеглымі будынкамі і будынкамі агульнай плошчай 2,5 тыс.кв.м пераможца таргоў таксама атрымае права арэнды зямельнага ўчастка плошчай каля 89 сотак на 50 гадоў. Пачатковая цана абъекта— 2,3 млн рублёў або каля 1,2 млн долараў.
Гістарычная даведка
Палац пачаткова будаваўся ў 1770-я гады як медыцынская акадэмія. Пасля кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў будынак князям Чацвярцінскім. З сярэдзіны 19 стагоддзя князі частку палаца здавалі ў арэнду паштова-тэлеграфнай канторы, а пазней — інтэрнату Другога армейскага корпуса і ўпраўленню павятовага вайсковага начальніка. Амаль да самага пачатку Другой сусветнай вайны шэраг памяшканняў выкарыстоўваўся пад здымныя кватэры. У адной з такіх кватэр у 1890 г. нарадзіўся заснавальнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юзаф Ядкоўскі. Амаль адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны палацавы комплекс быў перададзены ваеннаму суду і камендатуры Гродна, дзе яны размяшчаліся да 2014 года.