Дзяніса Івашына, аўтара расследавання пра пабудову ў Курапатах рэстарацыі «Поедем Поедим», выклікаюць у суд па іску Аркадзя Ізраілевіча аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, піша «Гарадзенская Вясна». Ізраілевіч звязаны з уласнікамі рэстарана.
Галоўнаму рэдактару газеты"Новы Час" Аксане Колб прыйшла эсэмэска, паводле якой рэдакцыю выклікаюць 29 жніўня ў Савецкі суд Мінска. Журналісты ўжо атрымалі копію іску.
Матэрыял расказвае пра людзей, якія пабудавалі рэстаран.На думку Дзяніса Івашына, пабудова рэстарана ў ахоўнай зоне Курапатаў зроблена па карупцыйнай схеме.
— Пабудова гэтага рэстарану Бульбаш-Хол, якія потым перайменавалі у «Паедзем Паядзім» цалкам магчыма звязаная з карупцыйным складнікам, бо будаўніцтва пачыналася ў другой палове 2000-х гадоў і менавіта ў ахоўнай зоне вакол Курапатаў. На той момант ахоўная зона была 300 метраў ў радыусе. Закон не мае адваротнай сілы, да таго ж былі пастановы і Генпракуратуры, і Міністэрства культуры спыніць незаконнае будаўніцтва, пакараць усіх вінаватых і гэты будынак знесці.
На думку журналіста, гэта справа можа быць таксама часткай кампаніі ціску на незалежных журналістаў.
— Я думаю, гэта не выпадкова. Цалкам мажліва, што гэтая справа — працяг ціску на беларускіх журналістаў з мэтай: каб запалохаць, каб увогуле ніхто нічога не пісаў, і цалкам мажліва, што прымеркавна вось да гэтага. Зразумела, будзем рыхтавацца. Вельмі спадзяюся на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Журналіст збіраецца працягваць тэму расследванняў па рэстарацыі «Поедем Поедим», і яны ў бліжэйшыя дні з’явяцца на старонках незалежных СМІ.