Сусветнавядомая візажыстка з Гродна разам з брэндам Bernovich першай у Беларусі выпусціла аўтарскую палітру ценяў. Натхненнем для першай працы была паездка ў Лондан, а наступная палітра атрымалася «выбуховай».

З’явіўся новы брэнд

Аб стварэнні аўтарскай палітры Дар’я пачала задумвацца даўно. Але яна разумела, што як вызажыст не здолее выпусціць яе самастойна. Таму мары заставалісь марамі. Ажно Дар’я выпадкова не натыкнулася ў інтэрнеце на інфармацыю пра новы беларускі брэнд ценяў Bernovich.

«Я пагартала інтэрнэт, убачыла станоўчыя водгукі ад калег і мяне зацікавіў гэты прадукт», — кажа Даша.

[irp posts="67 744″ name="Зорная візажыстка Дар’я Йодзель: За мяжой можна зарабіць больш, але родны Гродна важней"]

Банальна, як кліент

Дар’я напісала ў інстаграме, што ёй цікава патэсціць якасць, даведацца больш пра прадукт. «Вось так банальна, як кліент, я і пазнаёмілась з самім Ігарам Берновічам. Пасля знаёмства мне выслалі іх прадукцыю на тэсты. Яна мне вельмі спадабалася», — кажа Даша.

Ад парадаў да калабарацыі

Пасля Ігар пачаў звяртацца да Дар'і як да візажыста па парады па распрацоўках і гаме ценяў. У адной з такіх размоў Даша згадала, што марыць стварыць аўтарскую палітру, на што ёй адказалі: «усё рэальна, усё магчыма».

«Вось так, па шчаслівым збегу абставін, мы плаўна перайшлі да размовы аб стварэнні калабарацыі. Яна стала першым аўтарскім прадуктам на беларускім рынку», — кажа Дар’я.

Даша прызнаецца, што хоць прадукт і зроблены ў Беларусі, то для стварэння палітры выкарыстоўваюць італьянскія матэрыялы.

Чырвонае сонца Лондана

Першая палітра ценяў Bernovich by Darya Iodzel пад назвай London Inspiration выйшла ў лютым 2018 накладам у 5000 штук.

Назва London Inspiration («Натхенне Лондана») гэта не проста словы. У кастрычніку 2017 у час візіту Дар'і ў сталіцу Аб’яднанага каралеўства на выспу абрынуўся ўраган «Афелія». Хоць да самога Лондана дайшлі толькі адгалоскі, чырвонае сонца і ўсё, што адбывалася ў гэта час у Лондане, натхнілі Дар’ю на стварэнне сваёй першай аўтарскай палітры.

Гродзенка Дар’я Йодзель выпусціла аўтарскую палітру ценяў – першай у Беларусі

«Неверагодна цёплае чырвонае сонца, промні якога прабіваліся скрозь хмары, паветра прапітанае водарам пяску. У спалучэнні з зялёнай травой Гайд-парка. Неверагодныя колеры, пачуцці, якія хацелася запомніць, сфатаграфаваць і падзяліцца», — так Дар’я апісвае свае эмоцыі падчас панавання шэкспіраўскай Афеліі.

Гродзенка Дар’я Йодзель выпусціла аўтарскую палітру ценяў – першай у Беларусі

Менавіта гэтая падзея паслужыла штуршком і натхніцелем для стварэння асаблівага прадукта. А каляровая гама тагачаснага Лондана легла ў аснову палітры London Inspiration.

Асновай вокладкі палітры стаў фотаздымак Дар'і з Лондана. Ідэя належыць дызайнерам Берновіча, фота было перамалёвана ў гравюрным стылі.

Выбух, вясёлка і бензін

Другая палітра ад Bernovich & Iodzel выйшла ў жніўні 2018 пад назвай «Explosion» («Выбух»). Яна створана ў яскравых колерах і больш дакладна адлюстроўвае Дашу як візажыста.

Explosion гэта яскравыя галаграфічныя колеры. Таксам была задача стварыць эфект бензіну, вясёлкі, зрабіць больш складаныя тэкстуры.

Палітра Explosion — гэта выклік для тых, хто любіць эксперыменты, для тых, хто бавіцца макіяжам не першы дзень. Для свабодных і маладых, як выклік самой сабе. Пры гэтым Дар’я лічыць яе камерцыйнай, якой можна карыстацца штодзённа. Палітра гэта выклік для сучасных гарэзлівых гарадскіх летуценніц. «Для сучаснай інста-ледзі», — жартуе Даша.

Па ўсёй Украіне і ў Расіі

Працэс стварэння палітры працаёмкі. Ад ідэі да выпуску можа прайсці нават паўгода. Таму працаваць над другой палітрай Дар’я пачала даўно, калі яшчэ дакладна не было вядома, ці будзе мець поспех першы прадукт.

«Гэта ўжо сёння можна казаць пра нейкі там поспех», — кажа Даша. Палітра знайшла сваіх кліентаў не толькі ў Беларусі. Па словах Дар'і, першая палітра заваявала не толькі мясцовы рынак, яе можна набыць у любым рэгіёне Украіны і кропкава ў Расіі. Украінскі рынак, дарэчы, стаў другім па папулярнасці для нашага прадукта пасля беларускага.


Набыць аўтарскую палітру ў Гродне можна ў некалькіх месцах. А можна адразу ў студыі Дар'і. Там можна пазнаёміцца не толькі з палітрамі і Дашынай творчасцю, але, калі пашанцуе, і асабіста з Дашай.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]