Паводле інфармацыі Hrodna.life у канцы ліпеня ці пачатку жніўня ў пункце пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы па падазрэнні ў атрыманнні хабараў і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі затрымалі змену мытнікаў, што працавалі пры афармленні грузавых аўтамабіляў.
Паводле нашых крыніц, сярод затрыманых ёсць і былыя супрацоўнікі мытні: іх затрымалі на наступны дзень.
Сваякі затрыманых, з якімі нам удалося звязацца, расказалі, што затрыманні праводзілі мінскія сілавікі, імаверна КДБ. Са словаў сваякоў, затрыманыя ўжо супрацоўнічаюць са следствам і даюць прызнальныя паказанні.
Як удакладняе Sputnik.by, былі затрыманыя некалькі службовых асобаў аднаго з аддзелаў Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Гэта адбылося ў канцы ліпеня 2018 года, распавялі ў Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Пры гэтым гаворка не ідзе пра затрыманне цэлай змены.
Іншая інфармацыя пакуль не выдаецца ў інтарэсах следства.