Пасля трох гадоў хаджэння па інстанцыях і будаўнічых работ на цокальным паверсе Гуманітарнага каледжа адкрылася кафэ «Містэрыя». Пакуль установа працуе як сталовая для студэнтаў і гараджан, але ў найбліжэйшай будучыні кавярня можа стаць творчай пляцоўкай для артыстаў-пачаткоўцаў.
Гуманітарны каледж меў патрэбу ва ўласнай сталовай даўно, але на цокальным паверсе ніхто надоўга не затрымліваўся. Каля трох гадоў таму з’явіўся інвестар, які гатовы быў укласці грошы ў памяшканне і адкрыць там сучаснае кафэ для студэнтаў і гараджан. На гэта інвестару спатрэбілася больш за два гады. Толькі ў верасні 2017 года дзверы кафэ адкрыліся для навучэнцаў каледжа, а ў чэрвені 2018 году быў атрыманы дазвол і для абслугоўвання гараджан.
У кафэ дзве залы, яно разлічана на амаль 50 чалавек.
Пакуль толькі танныя абеды
Студэнты каледжа ў стварэнні кафэ прымалі самы непасрэдны ўдзел — дызайн інтэр'еру і назва «Містэрыя» гэта іх заслугі. Таксама яны прыносілі ў кафэ старыя рэчы для стварэння неабходнай атмасферы.
«Пакуль мы працуем у буднія дні да 16:00 і можам прапанаваць студэнтам і гараджанам танныя абеды, па цане ад 1,75 рубля, —
распавядае прадстаўніца кавярні Наталля Бернатовіч. — У планах падоўжыць працоўны графік да вечара, прадаваць фастфуд і ладзіць тэматычныя мерапрыемствы.
Мы не хочам сябе пазіцыянаваць толькі як сталовая. Першапачаткова кафэ задумвалася як творчая пляцоўка для пачаткоўцаў -музыкаў і артыстаў, тым больш мы знаходзімся ў будынку Гуманітарнага каледжа".
Фастфуд і мерапрыемствы
У кафэ для творчых вечароў створаны цікавы інтэр'ер, ёсць піяніна, якое пакуль ніяк не выкарыстоўваецца. Уладальнікі плануюць да канца года рэалізаваць даўнія планы.
«На адных студэнтах мы не выцягнем, таму хочам прыцягваць да сябе гараджан. Але каб працаваць у вячэрні час, трэба прайсці ўсе ўзгадненні. Мы толькі адну шыльду ўзгаднялі амаль паўгода. Алкаголь мы не прадаем, будзем выцягваць кафэ ў вячэрні час фастфудам і мерапрыемствамі».
Кафэ «Містэрыя» знаходзіцца на цокальным паверсе Гуманітарнага каледжа па адрасе Леніна, 4. Час працы ў буднія дні з 11:00 да 16:00.