Будынак сінагогі канца 19 стагоддзя ў Поразаве ўжо шмат гадоў стаіць закрыты. Раней там быў харчовы склад. У гарадскім пасёлку вырашылі прадаць гэты будынак за мінімальны кошт і прапануюць зрабіць там музей.
Турысты ў Поразава ездзяць. Мясцовыя жыхары кажуць, што аднымі з самых папулярных аб’ектаў у замежнікаў з’яўляюцца менавіта былая сінагога і старыя яўрэйскія могілкі.
«РАЙПО гатова зрабіць дакументы і аддаць будынак былой сінагогі за дзве базавыя, — распавядае для Hrodna.life старшыня Поразаўскага сельсавета Віктар Акудовіч. — Самы ідэальны варыянт — зрабіць там музей, прысвечаны, напрыклад, падзеям Другой сусветнай вайны. Гэта, магчыма, не будзе прыносіць вялікага прыбытку, але зрабіць гэта трэба для турыстаў і нашых нашчадкаў, каб яны памяталі, што такое вайна. Мне здаецца гэта рэальна зрабіць, нават так — ад кожнага нітка да ніткі. У гэтым будынку людзі маліліся і аддаваць гэты будынак пад клуб або кафэ будзе няправільна».
Акрамя сінагогі ў Поразаве захавалася старыя яўрэйскія могілкі. Пакуль удалося адшукаць 21 пахаванне. Калі будавалі дарогу Поразава — Свіслач шмат мацэваў, кажуць, сышло на яе будаўніцтва.