Каля 300 артыстаў прынялі ўдзел у VII Біг-міні фестывалі вулічных мастацтваў у Гродне. Падрыхтоўка да яго пачалася яшчэ ў лютым, а ў канцы ліпеня гродзенцы маглі ўбачыць вынік гэтай работы. Як прайшло свята, распавяла Hrodna.life дырэктарка і галоўная арганізатарка фэсту Анастасія Роўба.
Цягам двух дзён у цэнтры Гродна на кожным можна было сустрэць вулічных артыстаў. Хтосьці спяваў, нехта танцаваў, а хтосьці толькі пазіраваў - і ўсё роўна прыцягваў увагу гараджан.
Самым запамінальным момантам фэсту стала вогненнае шоў у парку Жылібера, якое доўжылася больш за гадзіну. Не перашкодзіў фестывалю і моцны дождж падчас шэсця ўдзельнікаў па цэнтры горада.
«У цэлым мы задаволенымі тым, як прайшоў фестываль у Гродне, — распавядае Анастасія. — Вар'яцка рада моцнаму дажджу, які прайшоў на шэсьці. Мне здаецца, што ён задаў тую атмасферу, у якой і прайшоў увесь наш фестываль. Шмат хто казаў, што змыла артыстаў на шэсці, але на самой справе — не. Водгукі артыстаў і гасцей фэсту толькі станоўчыя. Ужо рыхтуем сюрпрызы на наступны год, але каб прыступіць да іх падрыхтоўкі, нам трэба падвесці вынікі фестывалю, які толькі што прайшоў».
Піяніна можа стаць разыначкай горада
Анастасія адзначае, што многім даспадобы прыйшлося піяніна ў цэнтры Гродна. Арганізатары фестывалю плануюць яго пакінуць на вуліцы і будуць вырашаць гэтае пытанне з кіраўніцтвам горада.
«Піяніна карысталася папулярнасцю ў гараджан падчас фестывалю. У будучыні яно можа стаць нашай разыначкай. Хацелася б яго пакінуць у цэнтры — гэтае пытанне будзем вырашаць. Зразумела, што піяніна хутка растраіваецца, але можна паставіць побач якую-небудзь скарбонку для ахвяраванняў, з якіх маглі б аплачваць працу наладчыка».
На будучыню патрэбныя спонсары
Анастасія адзначае, што фестывалю да выхаду на новы ўзровень, не хапае спонсараў. У гэтым годзе арганізатарам дапамаглі толькі мясцовыя выканкамы.
«Усе ўдзельнікамі задаволеныя, іх было ў гэтым годзе каля 300. Не даехалі толькі артысты з Варшавы і Львова. Спецыяльна для ўсіх удзельнікаў мы падрыхтавалі інтэрнат, трансфер і харчаванне. У гэтым нам дапамаглі гарвыканкам і аблвыканкам, за што ім дзякуй. Што тычыцца спонсараў, то іх у нас не хапае, а хацелася б. Калі б была іншая падтрымка, так бы мы змаглі запрашаць за ганарары цікавых еўрапейскіх артыстаў і тым самым выйшлі б на новы ўзровень. А так пакуль усе артысты ў нас прыязджаюць па ўласным жаданні і выступаюць цалкам бясплатна».