Відавочца-рыбак 27 ліпеня выратаваў на Нёмане мужчыну, які купаўся ў забароненым месцы. Другога тонучага выратаваць не паспеў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Гродзенскую абласную арганізацыю Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах.

На стыхійным пляжы непадалёк ад Румлёўскага маста ў Гродне адпачывала кампанія. «У нейкі момант двое мужчын вырашылі выкупацца. На іх стан звярнуў увагу рыбак, які знаходзіўся на беразе. На яго папярэджанні мужчыны не адрэагавалі», — распавялі ў Гродзенскай абласной арганізацыі таварыства.

Неўзабаве рыбак заўважыў, што мужчыны сталі тануць. Ён кінуўся ў ваду, паспеў дастаць аднаго з купальшчыкаў. Выратаваць другога не паспеў. Цела ў 20 метрах ад месца здарэння 28 ліпеня выявілі вадалазы.

Чаму там не дзяжураць выратавальнікі?

Гэта ўжо другі трагічны выпадак у раёне Румлёўскага маста. Калісьці прадпрымаліся захады па стварэнні афіцыйнага пляжу, аднак з-за асаблівасцяў Нёмана, моцнай плыні ў гэтым месцы, купанне тут смяротна небяспечна.

У межах горада на рацэ дзейнічаюць тры афіцыйныя пляжы, дзе арганізавана дзяжурства выратавальнікаў - Цэнтральны, Ласосна і Пышкі.

З пачатку года ў Гродзенскай вобласці вада забрала жыцці 33 чалавек.