Ля закінутага дома № 23 па вуліцы Гараднічанскай з’явіліся будаўнікі. Яны паставілі агароджу. З іх слоў, у бліжэйшы час пачнецца рэстаўрацыя. Але што там будзе ў будучыні яны не ведаюць.
Дом канца XIX стагоддзя стаіць пусты шмат гадоў. Вядома, што яго купілі прыватныя асобы яшчэ ў 2009 годзе. Але з тых часоў аднаўленчыя работы так і не пачыналіся. З сённяшнім уласнікам будынка пагаварыць не ўдалося, бо зараз ён знаходзіцца за мяжой.
Вядома, што дом быў пабудаваны ў стылі эклектыкі ў 1890 годзе. У ім у 1944 годзе размяшчаўся хоспіс пры Фарным касцёле, у 50-я гады быў дом інвалідаў, потым шмат гадоў у будынку працавала бальніца Гродзенскага раёна.