Фотаальбом па гісторыі гродзенскіх пажарных прэзентавалі 25 ліпеня — у дзень 165-годдзя пажарнай службы Беларусі. Аўтар зборніка — кіраўнічка музея пажарнай службы ў Гродне Ірына Качан. Яна шмат гадоў збірала гісторыі з жыцця пажарных і фатаграфіі, звязаныя з гэтай прафесіяй.
Альбом «Кароткая фотахроніка гісторыі пажарнай службы Гродзеншчыны» ўтрымлівае гравюры, малюнкі і фотаздымкі, у якіх адлюстраваная гісторыя развіцця пажарнай службы рэгіёну ад сярэдзіны XIX ст. да савецкага часу.
У выданне ўвайшлі фатаграфіі вядомых калекцыянераў: Фелікса Варашыльскага, Януша Паруліса, Яна Лялевіча і іншых. Таксама ёсць фатаграфіі з фондаў музея пажарнай службы.«У нашым выданні прадстаўлена 150 фотаздымкаў. Гэта самыя лепшыя і ўнікальныя фота, якія будуць цікавыя любому колу чытачоў, — распавядае Ірына Качан. - Інфармацыю збіралі ў архівах і ў калекцыянераў, нешта даводзілася нават купляць. Усе здымкі, якія ў альбоме, мы бачылі і ведалі раней, але былі яны ў нас не ў лепшай якасці, таму даводзілася шукаць арыгіналы. Акрамя калекцыянераў, у матэрыялах нам дапамог гісторык Андрэй Вашкевіч. Цягам году мы плануем выдаць яшчэ адзін альбом аб гісторыі пажарнай службы Гродна, куды ўвойдзе больш новая гісторыя і інфармацыя».
Ірына Качан упэўненая, што ў гродзенцаў яшчэ захаваліся невядомыя гісторыкам здымкі пажарнай службы ў Гродне. Яны могуць быць цікавыя для будучых выданняў і для музея. Калі хтосьці гатовы падзяліцца інфармацыяй або фатаграфіяй, ён можа звяртацца да Ірыны Качан у музей пажарнай службы ў Гродне.