Урачыстасці да 165-годдзя пажарнай службы праходзяць у Гродне 26 ліпеня. Святкаванне пачалося з самай раніцы на плошчы Леніна і ў парку Жылібера.
Усё пачалося ля помніка воінам і партызанам у парку Жылібера з урачыстага прыняцця прысягі новапрынятымі выратавальнікамі. Пасля гэтага па вуліцах горада прайшло святочнае шэсце парадных разлікаў пажарных, апранутых у форму розных часоў. Таксама па вуліцах Гродна прайшоў парад пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, была прадстаўлена тэхніка ратавальнікаў розных гадоў.
На плошчы Леніна пачалася выстава тэхнікі і абсталявання МНС, таксама прайшлі паказальныя выступленні пажарных.
Святкаванні з нагоды Дня пажарнай службы пройдуць у цэнтры Гродна да 18.00.
Даведка
25 ліпеня 1853 года Мінскае губернскае праўленне і Мінская гарадская Дума разгледзелі пытанне аб новай пажарнай частцы ў Мінску і зацвердзілі каштарыс расходаў на яе склад. Гэта падзея стала кропкай летазлічэння пажарнай службы Беларусі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 18 мая 1994 года прынятае рашэнне аб усталяванні 25 ліпеня штогадовага свята — Дня пажарнай службы.