Яркі фудтрак з надпісам «Ружовая пантэра» меў папулярнасць сярод гасцей веламарафона «Суседзі». Адны ўсміхаліся, узгадваючы культавы мульцік, другія — у адказ на ўсмешкі дзяўчат з фудтрака і прапановы падсілкавацца. Hrodna.life распытаў гаспадынь фургона, адкуль ён узяўся і ці плануе надалей частаваць гродзенцаў.
Наўпрост з мульціка
Ідэя зрабіць яркі фудтрак і назваць яго ў гонар героя знакамітага мульціка прыйшла на думку аднаму з сяброў Крысціны Гарсіа Алвес. Дзяўчына прапанавала аб’яднаць намаганні і рабіць бізнес разам. «Яго унёскам быў трак, а я адказваю за харчаванне» — расказала яна. Дапамагае Крысціне гатаваць і прадаваць сяброўка, Ірына Уліда. Абедзьве расказваюць, што ў дзяцінстве (як хіба кожнае дзіця) марылі гандляваць марозівам. А тут усё здарылася, як у марах!
Зараз ружовы фудтрак прапануе наведвальнікам хот-догі, канверцікі з начыннем, марозіва і розныя напоі - тое, што не трэба доўга чакаць і можна ўзяць з сабой.
«Гэта больш хобі»
Ружовы фургончык можна ўбачыць на розных гарадскіх мерапрыемствах. Нядаўна «Пантэра» карміла гасцей арт-пікніка ў Велесе, а ў бліжэйшых планах — паўдзельнічаць ў Біг-Міні фестывалі вулічных мастацтваў у Гродне. Штодзень вывозіць фудтрак у горад гаспадары пакуль не плануюць. «Гэта больш хобі, чым бізнес.»
Затое для кожнага мерапрыемства стараюцца падабраць свой фармат ежы. Па словах Крысціны, на «Суседзях» добра ідзе хуткая ежа, на дзяцячым арт-пікніку на ўра пайшлі ажно 300 порцый марозіва, а для фестываля вулічных мастацтваў плануюцца эксперыменты з сырамі - запечанымі, з грушай ці з рукалай, а таксама са свежымі ягадамі да марозіва.