Сцяну, знойдзеную на тэрыторыі Новага замка, будуць даследаваць яшчэ некалькі дзён. У будучыні знаходку закансервуюць і закапаюць. Для маштабных даследаванняў у археолагаў няма часу, бо будаўнікі неўзабаве пачнуць пракладваць побач камунікацыі. Але ўжо цяпер спецыялісты адзначаюць, што знойдзеная частка муроўкі — сенсацыйная не толькі для Гродна, але і для ўсяго ўсходнеславянскага свету. Яе абавязкова трэба вывучаць.
Раскопкі на тэрыторыі Новага замка пачаліся з канца чэрвеня. За гэты час археолагам трапілася старая брукаванка, таварныя пломбы і іншыя знаходкі. Самай цікавай знаходкай спецыялісты лічаць частку сцяны, пабудаванай прыблізна ў XII стагоддзі.
Каб дакладна пазнаць, што ж выявілі ў зямлі, трэба праводзіць маштабныя археалагічныя раскопкі. Але на гэта цяпер няма часу і сродкаў. Пакуль працы на тэрыторыі Новага замка праводзяцца пад археалагічным наглядам Інстытута археалогіі НАН Беларусі.
«Зараз мы ўручную акуратна разбіраем культурны пласт, зачышчаем, каб да нас не было потым ніякіх прэтэнзій, — распавядае археолаг Іван Спірын. — Усё зачысцім і зафіксуем. Што выяўлена ў зямлі? Гэта можа быць якая-небудзь пабудова, у тым ліку Васкрасенская царква, бо шмат трапляецца маёлікавай пліткі і галаснікоў. Але каб нешта сцвярджаць, трэба праводзіць далей раскопкі. А ў бліжэйшы час гэтым ніхто займацца не будзе. З пункту гледжання археалогіі і навукі, гэтае месца вельмі цікавае і важнае. Сцяну трэба абавязкова раскопваць, але на ўсё гэта патрэбныя спецыялісты і фінансаванне».
Пабываў на раскопе і гісторык Алесь Краўцэвіч, які капаў на тэрыторыі Новага замка ў 1987 годзе. Тады спецыяліст таксама знайшоў сцяну XII ст. і маёлікавую плітку. Усе тыя знаходкі паказвалі таксама на сакральнае збудаванне.
«Сёння я паглядзеў і магу сказаць, што ў новым месцы муроўка аўтэнтычная. Гэта не паўторнае выкарыстанне старой цэглы. Мяне здзіўляе, што там побач ёсць шліфаваны камень, пакуль незразумела што гэта такое, — распавядае гісторык. — Плінфа тут прамавугольная, можна меркаваць, што гэта аб’ект канца XII стагоддзя».
Нешта высветліцца, калі там будзе закладзены раскоп, кажа Краўцэвіч. Ён лічыць, што раскоп павінен быць там абавязкова, таму што гэта — адкрыццё еўрапейскага значэння. «Прынамсі для ўсходняга слявянства, для Украіны, Беларусі і Расіі - гэта сенсацыя».
Новыя мураваныя пабудовы XII стагоддзя цяпер знаходзяць раз у дзясяткі гадоў. Напрыклад, у Гродне апошні раз такія знаходкі былі ў 1980-х, калі адкапалі Прачысценскую царкву.
Алесь Краўцэвіч адзначае, што ў канцы XII стагоддзя будаўніцтва Гродна скончылася раней, чым планавалася. Была падрыхтавана шмат цэглы-плінфы для аб’ектаў таго часу — і ў будучыні яна выкарыстоўвалася таксама.
«У нашым рэгіёне іншых аб’ектаў акрамя храмаў і княжых палацаў не знаходзілі. І калі зараз выявілі нешта іншае, гэта будзе, напрыклад, абарончая вежа ці нешта падобнае, то гэта будзе суперсенсацыя! А наогул, муроўка XII стагоддзя гэта ў любым выпадку сенсацыя. Трэба ўсё старанна вывучаць, патрэбна адмысловая экспедыцыя. Будаваць на гэтым месцы нічога нельга, тым больш пускаць цеплатрасу».
Дырэктар гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка разумее важнасць аб’екта, але адзначае, што рабочыя будуць вымушаныя засыпаць выяўленую сцяну, бо пакуль няма часу яе вывучаць. Побач са знаходкай пракладуць цеплатрасу. Але Кітурка ўпэўнены, што даследаванні сцяны працягнуцца.
На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…
"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…