Прынцыповы паядынак паміж камандамі прайшоў у Брэсце 7 ліпеня. З лікам 1:0 гаспадары поля здолелі абыграць гродзенцаў і тым самым выйшлі лідарамі ў Заходнім дэрбі. Матч быў цікавы яшчэ тым, што ўпершыню гулец “Дынама” Павел Савіцкі сустрэўся са сваім былым клубам.
Каманды са стартавага свістка пачалі гуляць у жорсткі футбол, таму суддзі часта даводзілася спыняць час. Гродзенцы добра абараняліся і смела ішлі наперад. У адным з момантаў жоўта-зялёным амаль атрымалася забіць “Дынама”, але Гутар здолеў з лініі зняць мяч.
Чарговы небяспечны момант ля варот “Дынама” паўстаў у самым канцы першага тайму, калі Мукам са стандарту трапіў у крыжавіну.
На пачатку другога тайма берасцейцы кінуліся ў атаку і здолелі забіць гол. Чыдзі на 48-й хвіліне пасля пасу Мілеўскага “расстраляў” вароты Журава.
Пасля прапушчанага гола футбалісты “Нёмана” спрабавалі наладзіць гульню, але наперадзе нічога ўжо не атрымлівалася. “Дынама” тым часам насядала на вароты гродзенцаў ўсё больш і магло нават павялічыць лік у матчы, але Жураў выратоўваў сваю каманду і больш не прапусціў.
“Дынама-Брэст” – “Нёман” – 1:0
Першы круг чэмпіянату завяршыўся і “Нёман” з 25 ачкамі захаваў за сабой 6-е месца ў турнірнай табліцы, столькі ж ачкоў і ў брэсцкага “Дынама”.
Другі круг стартуе 14 ліпеня, калі «Нёман» адправіцца ў госці да «Віцебска».


