Фатографка Алена Барынава ў пачатку ліпеня скарысталася дрэнным надвор’ем і зрабіла незвычайныя кадры старых каталіцкіх могілак на вуліцы Антонава ў Гродне. Атрымаліся фатаграфіі быццам з фільма жахаў.

«Старыя каталіцкія могілкі ў Гродне — адны з самых старадаўніх пахаванняў у Беларусі. Калі ўдала злавіць момант з навальнічным небам і прымяніць трохі фільтраў - атрымліваюцца вельмі атмасферныя крыпавыя [з англійскай мовы creepy — які кідае ў дрыжыкі, жудасны] кадры з фільмаў жахаў», — распавяла Алена.

Дарэчы, старадаўні некропаль у Гродне можа першым у краіне атрымаць статус гісторыка-мемарыяльнай (але не гісторыка-культурнай) каштоўнасці. У Гродзенскім аблвыканкамаме прынята рашэнне ў ліпені стварыць рабочую групу з удзелам краязнаўцаў, гісторыкаў, прадстаўнікоў улады і разгледзець пытанне надання такога статусу могілкам.

Даведка

Хаваць на старых могілках на вуліцы Антонава пачалі ў канцы 18 стагоддзя, калі сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне адкрыць у Кракаве, Львове, Вільні, Варшаве і Гродне першыя камунальныя могілкі. На могілках пахаваныя вядомыя людзі: пісьменніца Эліза Ажэшка, маці Максіма Багдановіча, грамадскія і вайсковыя дзеячы розных часоў. Пакуль могілкі знаходзяцца ў жаласным стане. Некалі багата аздобленыя надмагіллі руйнуюцца. Новы статус можа дапамагчы прыцягнуць сюды турыстаў і дазволіць выдзяляць больш сродкаў на ўтрыманне могілак.

Як з фільма жахаў: гродзенка зрабіла цікавыя фота старых могілак