У канцы чэрвеня ў сэрвісе «Яндэкс. Калекцыі» папулярнага расійскага пошукавіка з’явіўся раздзел «Славутасці Беларусі». Згодна з сабранымі кампаніяй дадзенымі, Гродзенская вобласць лідзіруе па колькасці касцёлаў і па колькасці заказнікаў.
Акрамя прыгожых фотаздымкаў, у кожнай славутасці ў калекцыі ёсць апісанне і адзнака на карце, каб хутчэй можна было будаваць маршрут.
У кампаніі адзначаюць, што калекцыя спатрэбіцца ўсім, хто хоча даведацца нешта новае пра гісторыю і культуру Беларусі. Разам з вельмі вядомымі помнікамі - Брэсцкай крэпасцю, Мірскім замкам ці Фарным касцёлам у Гродне — у ёй ёсць менш папулярныя, але не менш цікавыя славутасці, а нават такія месцы, якія могуць здзівіць дасведчаных краязнаўцаў, напрыклад паганскае капішча ў Мінску або бровар у Дубрава.
Усяго ў калекцыі сабрана тысяча славутасцяў. Амаль палова з іх — рэлігійныя будынкі: храмы, манастыры, капліцы і сінагогі. На другім месцы па ліку картак — музеі і манументы, іх у калекцыі больш за паўтары сотні.
«На стварэнне прадукту „Славутасці Беларусі“ сышло некалькі месяцаў. Мы імкнуліся зрабіць яго максімальна зручным і поўным для беларусаў і лічым, што на дадзеным этапе развіцця нам гэта ўдалося. Мы працягнем удасканальваць праект і аб’явім аб новых магчымасцях у бліжэйшы час», — распавёў Hrodna.life рэгіянальны менеджар «Яндэкс» па развіцці ў Беларусі Ягор Цыганок.
Усе славутасці з калекцыі адзначаны на Яндэкс.Картах — дзякуючы гэтаму карыстальнікі лёгка знойдуць цікавыя месцы і змогуць пабудаваць уласны маршрут.