Свякаванне Дня Незалежнасці ў Гродне сёлета фактычна пачалося на дзень раней. БРСМ пры падтрымцы гарадскіх уладаў правёў 2 ліпеня свой Дзень вышыванкі. Праўда, з-за кепскага надвор’я, яго прыйшлося пераносіць з вуліцы ў памяшканне забаўляльнага цэнтра «Галактыка».
Пачаткова Дзень вышыванкі хацелі адзначыць у цэнтры, на вуліцы Савецкай, але перашкодзіла надвор’е. У выніку ў «Галактыцы» працавала некалькі пляцовак пад агульнай назвай «Азбука беларускага арнаменту» з аквагрымам, прайшлі майстар-класы па пляценні касічак. Таксама працавала тэматычная фотазона. Акрамя таго, кожны жадаючы мог стаць удзельнікам масавага флэш-мобу «Малюем малую радзіму».
Прайшоў канцэрт мясцовых калектываў ды паказ мод. Заўважаныя на Дні вышыванкі былі і футбалісты «Нёмана». Яны ахвотна з усімі фатаграфаваліся.
Нагадаем, Дзень вышыванкi ўпершыню прайшоў у Гродне ў 2017 годзе. Тады цэлы дзень у дворыку Цэнтра гарадскога жыцця (галерэі «Крыга») ішоў кірмаш, тут можна было сустрэць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, паслухаць беларускiх музыкаў, патанцаваць, а ўвечары — адправіцца гуляць у паб-квіз. Арганізатарам таго свята была «Арт-Сядзіба».