У рэстаранах Burger King можна атрымаць зніжку 25% на новую страву — Чыкен Фры. Але толькі ў Гродне і Брэсце. І толькі, калі маеш Карту Паляка. Акцыя павінна заахвоціць уладальнікаў карт праводзіць выходныя ў сваёй краіне і зменшыць чэргі на мяжы. Але пакуль яна выклікае абурэнне ў сацсетках.
Акцыя праходзіць з 30 чэрвеня да 3 ліпеня — акурат на доўгі ўікэнд. Яна павінна, па задумцы маркетолагаў Burger King, затрымаць у Беларусі тых, хто на доўгія ўікэнды ці нават на звычайныя выходныя з’язджае за мяжу. Маўляў, Чыкен Фры, на які распаўсюджваецца зніжка, наогул не бывае ў польскіх рэстаранах Burger King.
У Burger King абяцаюць па выніках выходных прааналізаваць чэргі на мяжы і, калі акцыя іх зменшыць, праводзіць такія зніжкі рэгулярна. Праўда, наўрад ці акцыя будзе настолькі паспяховай. Як расказалі Hrodna.life у рэстаране на вуліцы Савецкай, за два дні ў Гродне зніжкай па Карце Паляка скарысталіся ўсяго тры чалавекі. Таксама адміністратар дадала, што неўзабаве ў іх з’явіцца меню на польскай мове, бо ў рэстаран заходзіць багата польскіх турыстаў.
Больш пра сутнасць акцыі ў гродзенскім БК сказаць не маглі: маўляў, усё прыдумалі ў Мінску.
Гэта дыскрымінацыя?
Тым часам акцыя выклікала не самыя пазітыўныя каментарыі ў сацыяльных сетках. Вось некалькі прыкладаў з FB i VK.