Яшчэ 27 чэрвеня на цвінтары ля старажытнай Каложскай царквы адбылося пахаванне астанкаў, якія былі знойдзены ля муроў храма падчас работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Усе адшуканыя астанкі былі даследаваны антраполагам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама прайшлі судмедэкспертызу. Па заключэнні навукоўцаў усе астанкі належаць асобам мужчынскага полу, што адпавядае здагадцы аб тым, што вакол Каложскай царквы былі пахаваныя манахі мужчынскага манастыра, які тут існаваў.
Настаяцель прыхода протаіярэй Аляксандр Балоннікаў і протадыякан Уладзімір Юзва справілі праваслаўны чын пахавання, пасля якога астанкі былі аддадзены зямлі.