Ужо 30 чэрвеня ў Гродне ў другі раз пройдзе конкурс прыгажосці і талентаў сярод маленькіх жыхароў горада «Міні-міс і містэр Гродна — 2018». Пасля месяца ўпартай падрыхтоўкі дзеці гатовыя прадэманстраваць свае таленты ў фінальным шоў.
Конкурсны выступ самых абаяльных і таленавітых гродзенскіх хлопчыкаў і дзяўчынак пройдзе ў Гродне ў другі раз. Сёлета ў новым месцы — маладзёва-забаўляльным цэнтры «Галактыка».
«Міні-міс і містэр Гродна 2018" — гэта ўнікальны праект, у якім удзельнічаюць маленькія і таленавітыя жыхары Гродна, — распавядае арганізатарка конкурсу, Анастасія Комар. — На конкурсе сябры журы глядзяць на талент дзіцяці, яго прыгажосць і ўменне яе падаваць. Перад галоўным шоў усе нашы ўдзельнікі прайшлі месяц падрыхтоўкі з харэографамі: вывучалі дэфіле на сцэне, а таксама адточвалі свае творчыя нумары».
У гэтым годзе ў фінальным шоў будзе 23 ўдзельнікі, узростам ад 8 да 10 гадоў (8 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак). Усяго ў кастынгу, які прайшоў у красавіку, бралі ўдзел каля 100 чалавек.
«Дзеці зараз вельмі нервуюцца, асабліва калі пачалося онлайн галасаванне. А бацькі яшчэ больш перажываюць за іх. На галоўным шоў пасля трох прадстаўленых нумароў, мы абярэм самых лепшых нашых дзетак. Усе яны прадставяць творчыя нумары, у якіх яны хочуць быць дарослымі і самастойнымі», — дадала Анастасія Комар.
Квіткі на фінальнае шоў, якое пройдзе ў маладзёва-забаўляльным цэнтры «Галактыка» 30 чэрвеня, ужо ў продажы. Кошт 10 рублёў. Пачатак конкурса ў 15:00.