Тры гады таму ў Гродне з’явілася гандлёвая прастора “Крама “Ц”. Нядаўна крама пераехала на новае месца з ўнутраным дворыкам. Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і “Крама “Ц” запрашаюць гараджан прапанаваць свае ідэі наконт таго, чым можна запоўніць жыццё дворыка, і аб’яўляе кірмаш праектаў. 

Якія праекты прымаюцца на Кірмаш?

Даўнія ці свежапрыдуманыя ідэі, якія могуць зрабіць жыццё ў горадзе больш разнастайным і насычаным цікавымі падзеямі і якія можна было б рэалізаваць у дворыку “Крамы “Ц”. Сямейны міні-фестываль, творчыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-клас па ёзе, лекцыі па краязнаўстве альбо нават па папулярнай батаніцы, хіміі ці фізіцы – адным словам, усё, чаго яшчэ, на вашую думку, бракуе ў Гродне.

Кірмаш праектаў – гэта тая самая магчымасць падзяліцца сваёй марай і натхніць іншых людзей здзейсніць яе разам.

Як гэта зрабіць?

Для падачы свайго праекта трэба аформіць яго ў выглядзе прэзентацыі ў PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых падобных сэрвісах (да 10 слайдаў) па плане:

– імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;

– назва, мэта і сутнасць праекта;

– чаму і каму гэты праект патрэбны;

– чаму ідэя ўнікальная і/ці актуальная;

– калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Прэзентацыю неабходна даслаць на адрас: [email protected] да 28 чэрвеня ўключна.

Інструкцыя па падрыхтоўцы прэзентацыі:

Што будзе пасля?

Неўзабаве пасля заканчэння збору праектаў адбудзецца адкрытая публічная прэзентацыя ідэй. Гэта магчымасць ўдасканаліць сваю задуму, атрымаць парады ад публікі і экспертаў, знайсці аднадумцаў і партнёраў.

Ёсць пытанні?

[email protected], 8029 7843221.

Сачыце за “Кірмашом праектаў” у сацыяльных сетках “Вконтакте” і “Фэйсбук”.