Забароны знятыя ў Мастоўскім, Шчучынскім, Ваўкавыскім, Свіслацкім, Бераставіцкім, Навагрудскім і Карэліцкім раёнах, піша «Гродзенская праўда».
Як распавялі ў Гродзенскім ДВЛГА, забароны на наведванне лясоў у гэтых раёнах адмянілі пасля дажджоў, якія знізілі клас пажарнай небяспекі.
— Пры гэтым у іншых раёнах па-ранейшаму захоўваецца пажаранебяспечная сітуацыя. Дажджы там не былі такімі багатымі, і з-за крон дрэў вільгаць нават не дабралася да глебы. І пакуль сітуацыя не зменіцца, казаць аб адмене забароны на наведванне лясоў на гэтых тэрыторыях не даводзіцца, — адзначылі ў лесагаспадарчым аб’яднанні.
З пачатку года ў вобласці ад пажараў пацярпела 25 гектараў лесу, ратавальнікі МНС 24 разы выязджалі тушыць агонь. У экасістэмах паўднёвых абласцей краіны — Брэсцкай і Гомельскай, дзе таксама была ўведзена забарона на наведванне лясоў, — пашкоджаны вялікія плошчы лясоў. Там агонь знішчыў каля 300 гектараў лесу. У 90 працэнтах выпадкаў прычына пажараў - чалавечы фактар. Але гэта не значыць, што людзі наўмысна распальвалі агонь. Прычынай станавіліся нядбайна выкінутая запалка, непатушаны недакурак ці іскра з глушыцель аўтамабіля.
У раёнах, дзе ўведзена забарона, нельга наведваць лясы, у тым ліку шпацыраваць там, збіраць ягады або актыўна адпачываць. Выключэнне дзейнічае толькі для жыхароў населеных пунктаў, дарога да якіх праходзіць праз лясны масіў. Таксама не дазваляецца разводзіць вогнішчы, у тым ліку і ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Парушальнікам забароны на наведванне лясоў пагражае штраф у памеры да 25 базавых велічынь.